„Рассельхозбанк” і „Беларусбанк” дамовіліся пра супрацоўніцтва



АТ „Рассельхозбанк” і ААТ „ААБ „Беларусбанк” 24 мая падчас XXII Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.

Як паведамляе прэс-служба „Рассельхозбанка”, у межах пагаднення бакі маюць намер пашыраць супрацоўніцтва ў міжбанкаўскай сферы, а таксама ў напрамку рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у АПК і іншых сектарах эканомік Расеі і Беларусі.

У „Рассельхозбанку” адзначаюць, што Беларусь з’яўляецца адным з ключавых і надзейных партнёраў Расейскай Федэрацыі. З 2008 года ў рэспубліцы працуе прадстаўніцтва „Рассельхозбанка”, і падпісанае пагадненне стане чарговым крокам у развіцці адносін. „Узаемадзеянне з найбуйнейшым банкам Беларусі будзе спрыяць ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву ў інвестыцыйнай сферы і фінансаванні знешнегандлёвых праектаў”, — лічаць у расейскім банку.

ААТ „ААБ „Беларусбанк” — найбуйнейшая падкантрольная дзяржаве сістэмаўтваральная фінансава-крэдытная ўстанова Беларусі, займае лідзіруючыя пазіцыі ў банкаўскай сістэме краіны па шэрагу ключавых паказчыкаў.

„Рассельхозбанк” быў створаны ў 2000 годзе і з’яўляецца ключавым крэдыторам аграпрамысловага комплексу Расійскай Федэрацыі, 100% статутнага капіталу банка валодае дзяржава. Уваходзіць у лік лідараў сярод расійскіх банкаў па памеры актываў.   БелаПАН