Мацярынскі капітал можна будзе выкарыстаць датэрмінова?



Разглядаецца магчымасць датэрміновага выкарыстання мацярынскага капіталу на дадатковае фінансаванне жыллёвага будаўніцтва, паведаміў на прэс-канферэнцыі 1 жніўня ў Менску начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.

Ён растлумачыў, што дзяржава пры будаўніцтве жылля для шматдзетных сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, крэдытуе 718 рублёў за квадратны метр у гарадах і 940 — у сельскай мясцовасці. „Каб пакрыць розніцу паміж поўным коштам будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў і крэдытаванай часткай, і плануецца датэрмінова выкарыстоўваць сродкі мацярынскага капіталу”, — адзначыў Аўраменка.

Чыноўнік таксама паведаміў, што на ўзгадненні знаходзяцца праекты ўказаў аб іпатэчным крэдытаванні і аб жыллёва-будаўнічых зберажэннях.

„Праект указа па іпатэцы рыхтуе Мінэканомікі. Учора да нас прыйшоў ён на ўзгадненне, і ў нас пытанняў і заўваг не было. Спачатку шмат пытанняў, але знайшлі агульныя падыходы, і ён найбліжэйшым часам, як я мяркую, будзе аддадзены на подпіс кіраўніку дзяржавы”, — сказаў Аўраменка.

Указ аб жыллёва-будаўнічых зберажэннях праходзіў „у тым ліку крымінальную экспертызу, у якой ёсць некаторыя заўвагі, што тычацца крымінагенных рызык”. „Мы ўнеслі некаторыя карэктывы. Думаю, што найбліжэйшым часам мы ўнясем яго на разгляд Савета міністраў, потым на подпіс кіраўніку дзяржавы”, — паведаміў прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

Жыллёва-будаўнічыя зберажэнні ўяўляюць сабой уклад у камерцыйных банках. У назапашвальны перыяд (ад трох да пяці гадоў) грамадзяне размяшчаюць сродкі на дэпазіт, даводзячы іх да пэўнай сумы, якая складае 25—50% кошту будучай кватэры ці дома. Далей ідзе перыяд крэдытавання, калі банк выдае крэдыт на астатнюю суму па стаўцы ніжэйшай, чым пры звычайным крэдыце на жыллё. Падчас назапашвальнага перыяду грамадзянін атрымлівае так званую дзяржаўную прэмію, якая кампенсуе страты ўкладчыка ад інфляцыі.

БелаПАН

Фота: tribunapracy.by