„Развязаць рукі” для вырашэння пазыковай праблемы



Беларускім дзяржпрадпрыемствам, якім цяжка самастойна плаціць па даўгах, варта даручыць распрацаваць антыкрызісныя планы. Такое меркаванне выказаў БелаПАН партнёр-кіраўнік міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Civitta па СНД Даніэль Крутцына, каментуючы дзейнасць беларускага ўрада ў вырашэнні пазыковай праблемы дзяржпрадпрыемстваў.

Міністр фінансаў Уладзімір Амарын на мінулым тыдні паведаміў журналістам у парламенце, што ўтвораныя некалькі рабочых груп, якія рыхтуюць нарматыўную базу для стварэння рынку праблемных даўгоў. У сваю чаргу Нацбанк у чэрвеньскай справаздачы аб фінансавай стабільнасці паведаміў, што па даўгах, якія эквівалентныя 14% ВУП, дзяржпрадпрыемствы „з высокай ступенню верагоднасці” не змогуць разлічвацца самастойна.

„Дрэнныя даўгі — часта гэта вынік структурных праблем на прадпрыемствах (высокіх выдаткаў, неэфектыўнага выкарыстання рэсурсаў). Таму ў Беларусі на ўзроўні прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца даўжнікамі, неабходна распрацоўваць антыкрызісныя планы”, — лічыць Крутцына.

У тых выпадках, мяркуе эксперт, калі рэалізацыя такіх планаў прывядзе да павышэння эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў, банкі з высокай верагоднасцю пагодзяцца пралангаваць даўгі.

„Самы першы крок, які трэба рабіць ужо зараз для вырашэння пазыковай праблемы, — „развязаць рукі” кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў, каб яны маглі прымаць кіраўніцкія рашэнні па скарачэнні выдаткаў і павышэнні сваёй эфектыўнасці”, — заявіў Крутцына.

На думку беларускіх аналітыкаў, вялікія даўгі дзяржпрадпрыемстваў з’яўляюцца пагрозай фінансавай стабільнасці.

„У тым выпадку, калі дзяржпрадпрыемствы не здолеюць самастойна разлічвацца па крэдытах, іх даўгі могуць перакладацца на бюджэт. Праблема вялікая, і рызыка для фінансавай стабільнасці тут відавочная”, — лічыць фінансавы кансультант форэкс-кампаніі „ТэлетрэйдБел” Жанна Кулакова.

Пры гэтым эксперт, адказваючы на пытанні БелаПАН, выказала ўпэўненасць, што ўрад пакуль не гатовы выкарыстоўваць радыкальныя меры для вырашэння пазыковай праблемы. „Даўно вядома, што дзяржпрадпрыемствы выконваюць сацыяльную функцыю, забяспечваючы ўсеагульную занятасць. Гэта часта з’яўляецца асноўнай прычынай нізкай эфектыўнасці сектара дзяржпрадпрыемстваў. Урад наўрад ці цяпер стане вырашаць гэтую праблему радыкальным чынам”, — лічыць Кулакова.

belapan.by