Рэйтынгавае агенцтва RAEX-Europe чакае зніжэння ВУП Беларусі на 6% у 2020 годзе



 Рэйтынгавае агенцтва RAEX-Europe пацвердзіла суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні B, але змяніла прагноз па рэйтынгах з пазітыўнага на стабільны ў сувязі эканамічнай сітуацыяй у краіне, гаворыцца ў аналітычнай справаздачы агенцтва.

Паляпшэнне суверэнных рэйтынгаў Беларусі, адзначаюць аналітыкі агенцтва, па-ранейшаму стрымліваецца неэфектыўным дзяржаўным сектарам, а таксама высокай эканамічнай і фінансавай залежнасцю Беларусі ад Расеі.

Карэкціроўка прагнозу па рэйтынгах, паведамляецца ў справаздачы, звязаная з уплывам крызісу, выкліканага каронавірусам, на эканоміку, знешнюю пазіцыю і дзяржаўныя фінансы Беларусі.

„Мы чакаем скарачэння беларускай эканомікі ў 2020 годзе, тады як фіскальны баланс будзе ў дэфіцыце, а бягучы рахунак плацежнага балансу будзе пагаршацца”, — мяркуюць аналітыкі.

Згодна з прагнозам агенцтва, эканоміка Беларусі скароціцца ў 2020 годзе на 6%.

„Урад прыняў меры па падтрымцы эканомікі, якія ў асноўным ўключаюць падатковыя канікулы, у той час як прамая фінансавая падтрымка, верагодна, будзе даступная толькі для дзяржаўных прадпрыемстваў”, — лічаць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.

Паводле прагнозу RAEX-Europe, з-за ўплыву пандэміі і падатковага манеўру ў Расеі дэфіцыт кансалідаванага бюджэту сёлета складзе прыблізна 1% ВУП, а дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу Беларусі можа вырасці да 5-6% ВУП. „Мы ацэньваем прамую і ўскосную залежнасць ад стасункаў з Расіяй як асноўную рызыку для знешняй пазіцыі Беларусі”, — гаворыцца ў справаздачы.

Інфляцыя, на думку аналітыкаў агенцтва, будзе ў Беларусі ўмеранай.

„Мы чакаем, што інфляцыя будзе крыху вышэй за мэту і складзецца ў дыяпазоне паміж 5 і 6% у 2020 годзе, улічваючы дэзынфляцыйны эфект аслаблення попыту і кансерватыўную фіскальную палітыку”, — прагназуюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.

Rating-Agentur Expert RA GmbH (RAEX-Europe) — еўрапейскае рэйтынгавае агенцтва, афіляванае з міжнароднай групай рэйтынгавых агенцтваў RAEX. Офіс агенцтва размешчаны ў Франкфурце-на-Майне (Германія).

З 2015 года агенцтва акрэдытаванае Еўрапейскім рэгулятарам па каштоўных паперах і рынках (ESMA) і мае афіцыйны статус інстытута знешняй ацэнкі крэдытаздольнасці (ECAI).

Мэта агенцтва — прысваенне рэйтынгаў ў адпаведнасці з самым строгім рэгуляваннем і этычным кодэксам нефінансавым кампаніям, фінансавым інстытутам, страхавым кампаніям, рэгіёнам і краінам.

belapan.by

[manual_related_posts]