У Крычаве праходзіць нацыянальны форум пчаляроў



У Крычаве 1-2 сакавіка праходзіць другі рэспубліканскі форум пчаляроў. Мерапрыемства сабрала прафесіяналаў-пчаляроў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Яны змогуць абмяняцца вопытам, знайсці патэнцыйных партнёраў, прыняць удзел у майстар-класах. Адным з ключавых тэм стане абмеркаванне пытання стварэння вытворчага цэха па перапрацоўцы мёду ў Крычаве.

У праграме круглы стол „Сустрэча пчаляроў і прадстаўнікоў улады”, узнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу дзіцячых малюнкаў „Крычаўская пчолка”, віктарына для вучняў аграрных класаў навучальных устаноў Крычаўскага раёна „Што я ведаю пра пчол?” з дэгустацыяй мёду.

Форум пчаляроў праводзіцца пры ўдзеле праекта „Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь”, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН і Міністэрствам эканомікі Беларусі пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Крычаўскі райвыканкам, цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва „Барань”, Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва Крычава і прадпрыемства „Моладзевая сацыяльная служба”.

zviazda.by