Рост прамысловай вытворчасці ў Беларусі запаволіўся



У студзені—кастрычніку 2018 года аб’ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў бягучых цэнах склаў 90,3 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах 106,4% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2017 года, паведаміў Белстат.

У студзені—верасні тэмп росту прамысловай вытворчасці быў на ўзроўні 6,8%. Такім чынам, за месяц зніжэнне склала 0,4 працэнтнага пункта.

У студзені прырост прамвытворчасці склаў 9,7%, студзені—лютым — 10,3%, студзені—сакавіку — 9,4%, студзені—красавіку — 8,8%, студзені—траўні — 8,3%, студзені—чэрвені — 7,8%, у студзені—ліпені — 7,5%, у студзені—жніўні — 7,1%.

У горназдабыўнай прамысловасці ў студзені—кастрычніку рост склаў 3,7%, у апрацоўчай прамысловасці — 6,5%, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — 7,3%, у водазабеспячэнні, зборы, апрацоўцы і выдаленні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — 0,2%.

Індэкс прамысловай вытворчасці за кастрычнік 2018 года да такога ж леташняга месяца склаў 102,8%, да верасня 2018-га — 106,4%.

Ва ўсіх галінах апрацоўчай прамысловасці аб’ём прамысловай вытворчасці за студзень—кастрычнік 2018 года перасягнуў узровень студзеня—кастрычніка 2017 года. Найбольшы прырост назіраўся ў вытворчасці транспартных сродкаў і абсталявання (на 15,4%), машын і абсталявання (на 14,7%), вырабаў з дрэва і паперы, паліграфічнай дзейнасці і тыражаванні запісаных носьбітаў інфармацыі (на 14,5%), асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў (на 9,3%), хімічных прадуктаў (на 6,6%).

У 2017 годзе прамысловая вытворчасць у Беларусі вырасла на 6,1%.

belapan.by