Рост тавараабароту з ЕЗ звязваюць з актывізацыяй паставак нафтапрадуктаў



Рост тавараабароту з ЕЗ звязаны з актывізацыяй паставак нафтапрадуктаў. Такое меркаванне выказаў у каментары БелаПАН аб апошніх даных статыстыкі загадчык кафедры інавацыйнай эканомікі Міжнароднага ўніверсітэта „МІТСО” кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч.

Як паведамлялася, паводле даных Белстата, тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрапейскага звяза ў студзені-сакавіку 2017 года ў параўнанні са студзенем-сакавіком 2016 года павялічыўся на 5,6% — да 2 млрд 925,3 млн долараў.

Тавараабарот з ЕЗ зніжаўся больш за тры гады. У 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м ён скараціўся на 22,3% і склаў 11 млрд 175,7 млн долараў, у 2015 годзе зніжэнне тавараабароту склала 28,5% у параўнанні з 2014-м. У студзені-лютым гэтага года ўпершыню назіраўся нязначны прырост — 0,4%.

За студзень-сакавік 2017 года экспарт у краіны ЕЗ вырас на 0,5% — да 1 млрд 613,6 млн долараў, імпарт павялічыўся на 12,6% — да 1 млрд 311,7 млн. Станоўчае сальда склала 301,9 млн долараў.

З агульнага аб’ёму экспарту ў студзені-сакавіку 2017 года на долю краін ЕАЭС прыпадала 47,5% (у студзені—сакавіку 2016 года — 42,4%), з іх на долю Расеі — 45,5% (40,8%), ЕЗ — 26,1% (32,1%), астатніх краін — 26,4% (25,5%). Імпарт з краін ЕАЭС склаў 58,4% агульнага аб’ёму імпарту (у студзені—сакавіку 2016 года — 57,2%), з Расеі — 58% (56,7%), ЕС — 18,2% (19,8%), астатніх краін — 23,4% (23%).

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі ў студзені-сакавіку 2017 года з’яўляліся: Расея — 52,3% усяго аб’ёму тавараабароту, Украіна — 7,2%, Кітай — 4,9%, Вялікабрытанія — 4,4%, Германія — 4,3%, Польшча — 3,8%, Турцыя — 1,8%, Літва, Нідэрланды — па 1,7%, ЗША, Італія і Казахстан — па 1%.

„Мы пакуль не бачылі даныя ў разрэзе мытнай статыстыкі, але, зыходзячы з вопыту мінулых перыядаў, трэба разумець, што аснову экспарту ў ЕЗ складаюць нафтапрадукты, атрыманыя падчас перапрацоўкі расійскай нафты на беларускіх НПЗ. Я думаю, што рост звязаны з актывізацыяй менавіта гэтых паставак”, — падкрэсліў эксперт.

„У красавіку мы напэўна ўбачым яшчэ больш высокія лічбы, звязаныя з нафтавымі дамоўленасцямі з Расеяй”, — мяркуе Ярашэвіч. Пры гэтым ён лічыць важным, каб актывізацыя ў гандлі ішла па больш шырокай наменклатуры.

На пытанне, якія яшчэ беларускія тавары, акрамя нафтапрадуктаў, былі б цікавыя ў Еўразвязе, ён адказаў: „Мы б маглі пастаўляць ўсё, калі б разумелі, што рынак Еўразвяза не гамагенны. Ён мае асаблівасці не толькі на ўзроўні асобных краін, але і асобных рэгіёнаў. І кожны з вытворцаў павінен выбудоўваць сваю стратэгію выхаду на рынак ЕС не цалкам, а ўлічваць цікавасць канкрэтных спажыўцоў. Стандарты там могуць быць адзінымі, але атрымаць сертыфікат на асобную прадукцыю і прадаць не пробную партыю, а буйную — складаная задача”, — зазначаў эканаміст. Ён лічыць, што ў ЕЗ можна актывізаваць пастаўкі якаснай беларускай мэблі, тэкстылю; не толькі металакорд, але і шыны, грузавікі. „Павінен быць выбудаваны слушна не проста збыт, а маркетынгавая палітыка”, — раіць эксперт.

З нагоды ўзаемнага гандлю з суседнімі Польшчай і Літвой (статыстыка паказвае падзенне экспарту і рост імпарту) Ярашэвіч адзначыў: „Гэта адбываецца з-за таго, што гэтыя краіны забяспечваюць нафтапрадуктамі не з Беларусі. Усё, што мы можам яшчэ прапанаваць, у іх ужо вырабляецца, бо ў іх такая ж вытворчая база. Напрыклад, мы маглі б пастаўляць прадукты харчавання, якія ідуць на ўра у Расеі. Але і ў Польшчы, і ў Літве высокаразвітая сельская гаспадарка і перапрацоўчая прамысловасць. Тут трэба выходзіць з нашай тэхнікай, але не проста з пробнымі партыямі, а з развітай сэрвіснай сеткай. Пакуль такой сеткі ў ЕЗ мы не стварылі”, — зазначыў Ярашэвіч.

Ён падкрэсліў, што нафтапрадукты складаюць аснову экспарту і ва Украіну. „Нам трэба дыверсіфікаваць экспарт не толькі па краінах, але і па наменклатуры паставак і рабіць гэта з дапамогай сучасных каналаў прасоўвання, як гэта робяць буйныя транснацыянальныя кампаніі. У іх трэба вучыцца і набірацца вопыту, падпісваць партнёрскія пагадненні, працаваць з буйнымі гандлёвымі сеткамі”, — лічыць эканаміст.

Што да перспектываў абвешчанай уладамі стратэгіі 30/30/30 (экспарт па 30% у краіны ЕАЭС, ЕЗ і далёкага замежжа), Ярашэвіч лічыць яе выканальнай: „Яна выканальная. У нас былі перыяды, калі доля Расеі ў экспарце зніжалася да 30%, а ЕС расла да 50%. Але тут, я паўтаруся, трэба зыходзіць не толькі з геаграфіі паставак, а менавіта з прадуктовай лінейкі. Мы павінны разумець: трэба экспартаваць на далёкую дугу не тое, што можна адправіць сухагрузамі, наваліць каўшамі, а менавіта тавары з высокім дабаўленым коштам. Толькі ў гэтым ёсць сэнс”.

„Гэта складаная задача. Для гэтага патрэбныя адпаведныя спецыялісты і прадуманая стратэгія: не проста кагосьці адправілі, ён з’ездзіў на выставу, пакрасаваўся і з’ехаў ні з чым”, — рэзюмаваў эксперт.

belapan.by