Румас: Няма перашкодаў для запуску Нежынскага ГАК у тэрмін



Няма перашкодаў для запуску Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў тэрмін, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас падчас рабочай паездкі па Менскай вобласці 30 сакавіка.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, Румас наведаў будпляцоўку Нежынскага ГАК (Любанскі раён), каб ацаніць ход работ.

„У сувязі з больш познім асваеннем інвестыцый па гэтым праекце інвестар звярнуўся ва ўрад з прапановай павялічыць тэрміны выбаркі сродкаў і, адпаведна, крыху зрушыць тэрміны ўводу аб’екта ў эксплуатацыю. Сёння мы сустрэліся з інвестарам, каб высветліць, наколькі абгрунтаваная змена тэрмінаў і якія рызыкі для рэалізацыі інвестпраекта яна нясе”, — растлумачыў Румас.

У асноўным на аб’екце працуюць беларускія будаўнікі і нямецкія наладчыкі абсталявання. „Мы змаглі пераканацца, што графік работ выконваецца і няма нейкіх перашкодаў для таго, каб у заяўленыя інвестарам тэрміны аб’ект быў уведзены ў эксплуатацыю”, — сказаў кіраўнік урада.

Паводле яго ацэнкі, з запускам Нежынскага ГАК Беларусь стане „больш значным гульцом на сусветным рынку калію”. „Больш за тое, атрыманыя тут калійныя ўгнаенні будуць прадавацца праз адзінага трэйдара — Беларускую калійную кампанію, што таксама дазволіць ёй стаць больш значным гульцом на рынку”, — заявіў Румас.

„Калійныя ўгнаенні, якія будуць вырабляцца на Нежынскім ГАК, характарызуюцца вельмі высокай якасцю. Рынак калійных угнаенняў знаходзіцца на ўздыме, мы бачым, што новыя кантракты заключаюцца па больш высокай цане і, вядома, спадзяемся, што гэты інвестпраект зробіць свой унёсак у развіццё краіны”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Паводле слоў старшыні савета дырэктараў ЗТАА „Слаўкалій” Міхаіла Гуцарыева, Нежынскі ГАК будзе сучаснай і эфектыўнай вытворчасцю. „У прынцыпе, усё ідзе, як мы хацелі. Гэта такі аб’ект, што і спяшацца, і спазняцца нельга, ісці лепш паводле графіка, каб праектная дакументацыя адпавядала тэрмінам будаўніцтва, а якасць работ была на высокім узроўні”, — цытуе Гуцарыева прэс-служба ўрада. Будзе створана прыблізна 2,5 тыс. працоўных месцаў, прадугледжанае будаўніцтва пяці жылых дамоў у Любані.

Узвядзенне Нежынскага ГАК у Любанскім раёне пачалося ў верасні 2015 года. Гэты найбуйнейшы ў Беларусі інвестыцыйны праект ажыццяўляе ЗТАА „Слаўкалій”. Мяркуецца, што з адкрыццём камбіната вытворчасць калійных угнаенняў у Беларусі вырасце да 14 млн тон на год. Прадстаўнік ЗТАА „Слаўкалій” раней паведаміў, што будаўніцтва Нежынскага ГАК завершыцца ў 2020 годзе. Яшчэ два гады спатрэбяцца для будаўніцтва інфраструктуры.

17 чэрвеня 2017 года ААТ „АСБ „Беларусбанк” і Дзяржаўны банк развіцця Кітая падпісалі крэдытнае пагадненне аб выдзяленні кітайскім банкам 1,4 млрд долараў на рэалізацыю праекта. 7 ліпеня 2018 года ў Мінску быў падпісаны трохбаковы дагавор паміж кампаніямі „Слаўкалій”, Deilmann-Haniel (Германія) і China State Energy Engineering Corp. (КНР). Паводле дамовы нямецкая кампанія будзе выконваць праходку шахтавых ствалоў на будаўніцтве Нежынскага ГАК, China State Energy Engineering Corp. зоймецца энергазабеспячэннем пляцоўкі і пастаўкай абсталявання.

У інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір”, паказаным 8 ліпеня 2018 года на тэлеканале „Беларусь 1”, Гуцарыеў расказаў пра прагрэс у будаўніцтве камбіната. „Аб’ёмы і работы ідуць. Інвестыцыі ў памеры 350 млн еўра. Наступны год — яшчэ 600 млн еўра. Я спадзяюся, што на працягу чатырох гадоў мы пабудуем гэты камбінат”, — адзначыў ён. Паводле слоў Гуцарыева, магутнасць прадпрыемства складзе „для пачатку” 2 млн тон калію на год.

belapan.by