Сайт Міністэрства па падатках і зборах аднавіў сваю працу



Сайт Міністэрства па падатках і зборах і электронныя сэрвісы цяпер працуюць у штатным рэжыме. Пра гэта парталу TUT.by паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Праблемы з некаторымі сэрвісамі сайта назіраліся ў нядзелю і зранку ў панядзелак — у прыватнасці, з асабістымі кабінетамі плацельшчыкаў. Зранку 14 верасня прэс-сакратар МПЗ Сяргей Шкут заявіў у каментары Office Life пра асобныя праблемы з асабістымі кабінетамі: „Ёсць прэцэдэнты. Яны ніякім чынам не адбіваюцца на функцыянале для плацельшчыкаў”.

Адказнасць за хакерскія атакі на сайт узяла на сябе групоўка „Кібер Партызаны”. Яна пагражала зламаць сайт падаткавікоў, калі 13 верасня ўдзельнікаў акцый пратэсту будуць затрымліваць. У МПЗ падкрэсліваюць, што цяпер збояў у працы сэрвісаў для карыстальнікаў няма.