Самыя высокія заробкі ў студатрадах – на будаўніцтве БелАЭС



Самыя высокія заробкі летась сярод вучнёўскай моладзі былі на будаўніцтве БелАЭС, паведаміла 18 мая на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік загадчыка аддзела праектнай дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ) Надзея Шахоўская.

Паводле яе слоў, адзін з самых папулярных відаў працоўнай занятасці моладзі ў краіне — гэта студэнцкія атрады па сямі профілях дзейнасці: будаўнічыя, педагагічныя, сервісныя, сельскагаспадарчыя, экалагічныя, вытворчыя і медыцынскія.

„На сёння ў пераліку арганізацый, аб’ектаў і відаў работ змяшчаецца больш за 30 тысяч месцаў, на якіх у гэтым годзе будуць працаваць студатрады, — паведаміла Шахоўская. — Цяпер якраз ідзе набор у атрады на самы актыўны сезон — летні”.

Прадстаўніца БРСМ адзначыла, што на летні перыяд — ліпень-жнівень — прыпадае пік занятасці моладзі, аднак ёсць яшчэ і сезонныя працы, з верасня па лістапад.

Па лініі студатрадаў сёлета плануецца працаўладкаваць не менш як 21,2 тысячы чалавек. Акрамя Беларусі, хлопцы паедуць папрацаваць у Расею. З новых напрамкаў сёлета — Малдова і Казахстан.

Таксама пяты год будаўнічы атрад будзе працаваць на Астравецкай АЭС. Туды выедуць каля 150 студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама студэнты з Расеі.

Шахоўская адзначыла, што на гэтым аб’екце летась за няпоўныя два месяцы маладыя людзі змаглі зарабіць ад 1 да 1,5 тысячы рублёў. Гэта самы вялікі заробак у студатрадах у краіне. Напрыклад, у педагагічных атрадах у мінулым сезоне моладзь зарабляла да 350 рублёў.

Яна распавяла, што найбольш запатрабаваныя сярод вучнёўскай моладзі будаўнічыя работы. „На будоўлі бывае патрапіць складана, трэба адпавядаць патрабаванням: не мець медыцынскіх супрацьпаказанняў, мець будаўнічую спецыяльнасць альбо працаваць у студатрадах не першы год і гэтак далей”, — сказала яна.

Акрамя таго, папулярныя працы ў атрадах, якія выязджаюць за мяжу. 

БелаПАН