Самыя запатрабаваныя на рынку працы – медсёстры, урачы і інжынеры



Самымі запатрабаванымі на сталічным рынку працы ў сакавіку 2018 года былі ўрачы, медыцынскія сёстры і інжынеры, сведчыць апублікаваны ўпраўленнем занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Менгарвыканкама абноўлены спіс найбольш запатрабаваных работнікаў.

На 1 красавіка 2018 года ў Менску работадаўцы заявілі вакансіі для 671 спецыяліста рознай кваліфікацыі, 554 — медсясцёр, 441— урачоў і 428 — інжынераў.

У спісе найбольш запатрабаваных работнікаў таксама муляры (288 вакансій), кухары (278), прыбіральшчыкі памяшканняў і кіроўцы (па 250), прадаўцы (246), слесары механазборачных работ (242), інжынеры-праграмісты (235), кантралёры-касіры і менеджары (па 181), маляры (170), выхавальнікі (153), дырэктары (145), фельчары (144), фармацэўты (143), тынкоўшчыкі (142), цесляры-бетоншчыкі (132), электрагазазваршчыкі (117), электраманцёры (105 ), швачкі (102).

У сакавіку па садзеянне ў працаўладкаванні ў службы занятасці Менска звярнулася 5.529 чалавек, з іх 4.282 беспрацоўныя.

На канец трэцяга месяца года ў сталіцы 2.167 беспрацоўных мелі права на атрыманне дапамогі, сярэдні памер якой склаў 24,01 рубля. Узровень афіцыйнага беспрацоўя на канец сакавіка, як і на канец лютага 2018 года, склаў 0,2% эканамічна актыўнага насельніцтва Мінска.

На пастаянную і часовую працу з пачатку красавіка 2018 года ўладкавана 1.502 чалавекі, у тым ліку 1.163 беспрацоўныя. Працаўладкаваны 115 асоб, якія абавязаны кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей. Аказана фінансавая падтрымка 31 беспрацоўнаму ў выглядзе субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Кансультацыю па пытаннях прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі атрымалі 2.427 чалавек. У грамадскіх работах узялі ўдзел 479 чалавек, у тым ліку 253 беспрацоўныя.

Колькасць заяўленых вакансій на прадпрыемствах горада на 1 красавіка 2018 года склала 12.278, у тым ліку для рабочых — 6.794.

У студзені—сакавіку 2018 года зарэгістравана больш за 25 тыс. зваротаў саіскальнікаў працы да электроннага банка вакансій у аддзелах працаўладкавання і амаль 1,5 млн — да электроннага банка вакансій на сайце Менгарвыканкама.

Як раней паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела рынку працы ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Менгарвыканкама Святлана Лявончык, у 2018 годзе на сталічным рынку працы з’явіўся попыт на экспертаў па блокчэйну і крыптавалютах. Як адзначыла чыноўнік, попыт на нізкакваліфікаваны персанал працягне падаць. „Акрамя таго, сёння камп’ютарызацыя замяшчае нават тых, хто працуе ў інтэлектуальнай сферы”, — заўважыла Лявончык.

Яна падкрэсліла, што прафесіі юрыстаў, псіхолагаў, эканамістаў „у чыстым выглядзе становяцца ўсё менш запатрабаванымі”. Паводле прагнозаў, буйныя і сярэднія кампаніі працягнуць скарачаць штат бухгалтараў, што звязана з укараненнем праграмных прадуктаў, якія дазваляюць аптымізаваць працэсы ўліку. „У групе рызыкі амаль усе прафесіі, якія не патрабуюць спецыфічных ведаў і ўменняў. Гэта касіры, аператары кол-цэнтраў, кур’еры, сакратары і адміністратары. У гіпермаркетах касіраў вельмі хутка пачнуць замяняць тэрміналамі самаабслугоўвання, а ў кол-цэнтрах будуць устаноўлены аператары-робаты”, — падкрэсліла прадстаўнік Менгарвыканкама.

Яна адзначыла, што на рынку працы будуць запатрабаваныя спецыялісты па прасоўванні тавараў і маркетынгу, прычым павялічыцца попыт на спецыялістаў па лічбавым маркетынгу. Захаваецца попыт на тэхнічных работнікаў і кіраўнікоў сярэдняга звяна. Будзе расці попыт на спецыялістаў у галіне аўтаматызацыі і рабатызацыі, камп’ютарнага абсталявання і тэлекамунікацый, сістэмных адміністратараў і архітэктараў, спецыялістаў па тэставанні праграмнага забеспячэння.

belapan.by