Саўмін адмяніў забарону павышэння цэн больш як на 0,5% за месяц



„З прычыны стабілізацыі цэнавай сітуацыі” Савет міністраў датэрмінова спыніў дзеянне пастановы ад 30 сакавіка № 184 „Аб часовых мерах па стабілізацыі сітуацыі на спажывецкім рынку”.

Пастанова ад 17 красавiка № 239 уваходзіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання, паведаміла прэс-служба ўрада.

Згодна з пастановай № 184, асобным міністэрствам і ведамствам даручалася не дапускаць росту адпускных цэн (тарыфаў) на тавары (паслугі), што выпускаюцца (аказваюцца) падпарадкаванымі арганізацыямі, вышэй як на 0,5% штомесяц. Акрамя таго, прадпісвалася не дапускаць павышэння цэн (тарыфаў) вышэй як на 0,5% штомесяц юрыдычным асобам усіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць вытворчасць (увоз) і (або) рэалізацыю тавараў на ўнутраны рынак або аказваюць паслугі. Павышэнне цэн (тарыфаў) вышэй за ўстаноўленую мяжу дапускалася толькі паводле ўзгаднення з камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры ўрадзе.

Пастанова павінна была дзейнічаць да 30 чэрвеня, аднак дзелавая супольнасць выступіла катэгарычна супраць паўсюднага кантролю за цэнамі. Аналагічную пазіцыю заняў і Савет па развіцці прадпрымальніцтва, які з’яўляецца кансультатыўным органам пры прэзідэнце. На думку апошняга, з улікам высокага імпартнага складніку ў структуры выдаткаў айчынных прадпрыемстваў, паўсюдны кантроль цэн „справакуе адмову ад выпуску асобных відаў тавараў у сувязі з эканамічнай немэтазгоднасцю іх вытворчасці”. Пасля рэзкага падзення цэн на нафту ў першай дэкадзе сакавіка беларускі рубель значна аслабеў да даляра, у выніку імпарт пачаў даражэць, што паставіла пад пагрозу выкананне гадавога плана па інфляцыі (не больш за 5%).

Апошнім часам сітуацыя на валютным рынку крыху стабілізавалася, курс даляра знізіўся.

Цяпер на працягу 90 дзён будуць рэгуляваць цэны на 26 сацыяльна значных тавараў. Гэта прадугледжанае пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 15 красавіка № 30.

belapan.by