Сертыфікацыя птушкафабрык для паставак прадукцыі ў Еўразвяз



Мінсельгасхарч вядзе перамовы аб сертыфікацыі птушкафабрык для паставак прадукцыі ў Еўразвяз, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 7 лютага начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці міністэрства Аляксей Багданаў.

„Гэты рынак нам цікавы з пункта гледжання высокай пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Мы працуем, каб нашы прадпрыемствы былі максімальна адкрытыя і на еўрапейскі рынак”, — адзначыў Багданаў. Пры гэтым ён паведаміў пра складанасці ў выглядзе высокіх загараджальных пошлін (на малочную прадукцыю амаль 50%). „Калі сыр прадаецца па 4,5—5 долараў за кілаграм, то ён туды прыходзіць ужо па 7,5 даляра. Гэта вельмі сур’ёзная тарыфная ахова”, — прывёў прыклад прадстаўнік Мінсельгасхарча.

„Сёння мы вядзем перамовы на пляцоўцы ў Бруселі ў межах гандлёвага дыялогу з ЕЗ, каб сертыфікаваць нашы птушкафабрыкі для паставак іх прадукцыі на еўрапейскі рынак. Патрэба ёсць, ЕЗ шмат імпартуе птушкагадоўчай прадукцыі, таму мы бачым у гэтым перспектыву”, — сказаў Багданаў.

Паводле яго інфармацыі, у 2018 годзе Беларусь паставіла ў ЕЗ сельгаспрадукцыі на 233,5 млн даляраў, што на 66,6% больш, чым у 2017-м. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі былі Літва (93,6 млн даляраў), Польшча (41,3 млн), Германія (28 млн). „Мы таксама пастаўляем прадукцыю ў іншыя краіны Еўропы — Нарвегію (48 млн), развіваем адносіны з Македоніяй, Чарнагорыяй, Сербіяй, Швейцарыяй. Актыўна летась ішлі пастаўкі ў Іспанію — экспарт вырас у 30 разоў да 2,8 млн, ва Украіну — у пяць разоў. У цэлым нам цікавыя ўсе краіны, і мы будзем актыўна пашыраць пералік сертыфікаваных прадпрыемстваў”, — сказаў чыноўнік.

belapan.by