Сетку 4G разгорнуць па ўсёй Беларусі



Правайдар тэлекам-, ІКТ- і кантэнт-паслуг A1 і інфраструктурны аператар beCloud абвясцілі пра стратэгічнае партнёрства па развіцці мабільнай сувязі стандарту 4G у Беларусі.

Да 2023 года сувязь чацвёртага пакалення для абанентаў А1 будзе даступная на 97% тэрыторыі краіны, дзе пражывае звыш 99% насельніцтва, паведаміў 12 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар кампаніі А1 Гельмут Дуз.

У Беларусі будаўніцтвам 4G-сеткі па тэхналогіі LTE і LTE Advanced займаецца падкантрольны дзяржаве інфраструктурны аператар beCloud, з якім аператары мабільнай сувязі заключаюць дамовы аб выкарыстанні неабходных рэсурсаў. Пачынаючы з сакавіка 2019 года доступ да 4G-сеткі даецца абанентам А1. Праект, які будзе рэалізаваны ў рамках пагаднення аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж А1 і beCloud, дазволіць запусціць 4G-сетку, даступную як у буйных гарадах, так і ў аддаленых кутках краіны.

Камерцыйныя ўмовы дасягнутага пагаднення аб партнёрстве аператары не выдаюць, тлумачачы толькі тэхнічныя асаблівасці. „Кампанія А1 падасць сваю інфраструктуру — мы гаворым пра базавыя станцыі, транспартную сетку, оптавалаконныя лініі. Аператар beCloud са свайго боку інвестуе ў радыёрэлейную частку, якую А1 будзе арандаваць”, — растлумачыў Дуз.

Цяпер паслугі мабільнага інтэрнэту па тэхналогіі 4G аказваюцца абанентам A1 у сетцы інфраструктурнага аператара beСloud у дыяпазоне радыёчастот 1.800 МГц. У рамках планаванага праекта ўпершыню ў Беларусі будзе задзейнічаны частотны дыяпазон 800 Мгц. Гэта дазволіць пашырыць геаграфію пакрыцця сеткай LTE і забяспечыць высокую хуткасць перадачы дадзеных нават ва ўмовах павышанай нагрузкі на існуючыя базавыя станцыі.

„Для забеспячэння пакрыцця 4G-сеткі, супастаўнага па ахопе тэрыторыі краіны з існуючай 3G-сеткай А1, мы і кансалідуем намаганні разам з нашымі партнёрамі. Мы рады, што ўжо ў бліжэйшыя гады сувязь чацвёртага пакалення стане даступная абанентам кампаніі паўсюдна — у вялікіх і малых гарадах і нават у сельскай мясцовасці”, — адзначыў Дуз.

Рэалізацыя сумеснага праекта А1 і beCloud па развіцці мабільнай сувязі стандарту 4G у поўным аб’ёме зойме тры гады. Першы з запланаваных этапаў будзе завершаны ўжо да канца 2019 года. Ён мяркуе адначасовае ўключэнне больш як 2.000 базавых станцый, якія працуюць у частотным дыяпазоне 1.800 МГц, што зробіць даступнай 4G-сувязь абанентам А1 у межах існуючай LTE-сеткі beСloud. Сёння яна ахоплівае ўсе абласныя цэнтры Беларусі, а таксама большасць буйных гарадоў, такіх як Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Ваўкавыск, Добруш, Жлобін, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Рагачоў, Салігорск і інш. У выніку сувязь стандарту 4G стане даступная абанентам А1 на тэрыторыі, дзе пражывае каля 76% насельніцтва краіны. Першымі гарадамі, дзе ў рамках праграмы супрацоўніцтва стане даступная тэхналогія 4G для абанентаў А1, стануць Гомель, Жлобін і Бабруйск.

Другая фаза рэалізацыі праекта стартуе са студзеня 2020 года. Яна прадугледжвае разгортванне 4G-сеткі beCloud у сельскай мясцовасці ў частотным дыяпазоне 800 Мгц і на базе інфраструктуры A1. Каб гарантаваць сваім абанентам найлепшы карыстацкі досвед, кампанія А1 падасць аператару beCloud сваю інфраструктуру пад базавыя станцыі, а таксама транспартную сетку на аснове гібрыдных, радыёрэлейных і оптавалаконных ліній сувязі. Гэтая схема ўзаемадзеяння была паспяхова апрабаваная партнёрамі ў рамках работ па перазапуску 4G-сеткі для абанентаў А1 у Пінску ў лістападзе 2019 года. У выніку зона пакрыцця сеткі 4G для абанентаў А1 зраўняецца з існуючай на дадзены момант зонай пакрыцця 3G-сеткі кампаніі, забяспечыўшы пакрыццё больш за 97% тэрыторыі Беларусі.

Працы ў рамках другой фазы сумеснага праекта А1 і beCloud будуць ажыццяўляцца паэтапна. Першымі рэгіёнамі, у якіх партнёры пачнуць да разгортвання 4G-сеткі на базе інфраструктуры А1, стануць Гомельская, Магілёўская і Віцебская вобласці. Усяго лік запушчаных базавых станцый за тры гады перавысіць 3.000.

belapan.by