Шклозавод “Нёман” не здолеў аплаціць сваім работнікам адпускныя
Кіраўніцтва бярозаўскага шклозавода “Нёман” не ў стане выплочваць кампенсацыю за адпачынак для супрацоўнікаў прадпрыемства. Недахоп фінансавых сродкаў вымушае дырэктара парушаць заканадаўства, згодна з якім выплаты павінны ажыццяўляцца за тры дні да пачатку адпачынка.
Паводле грамадскага актывіста з Бярозаўкі Сяргея Трафімчыка, вялікія спадзяванні на паляпшэнне фінансавага становішча кіраўніцтва ўскладала на новую вытворчасць шкловаты, якая пачала працаваць некалькі месяцаў таму згодна з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай:
– Нават сам дырэктар завода сказаў, што ў яго былі вялікія спадзевы на шкловату, але яна сябе не апраўдвае, і з-за яе завод нават яшчэ ў большыя пазыкі залез. І таму сродкаў няма. Абяцаюць пад канец месяца выплаціць заробак і заадно адпускныя людзям, якія ўжо зараз знаходзяцца ў адпачынку.
Паводле беларускага заканадаўства, у выпадку пратэрміноўкі выплаты кампенсацыі за адпачынак, адміністрацыя прадпрыемства павінна выплочваць працоўным пеню ў памеры сярэднедзённага заробку за кожны дзень пратэрміноўкі. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў адміністрацыю прадпрыемства з адпаведнай пісьмовай заявай.
Беларускае Радыё Рацыя
