Штаб Ціханоўскай абяцае падтрымку страйкоўцам і сілавікам, якія звальняюцца



«Усім супрацоўнікам і ваеннаслужачым сілавых структур, якія звольніліся з-за нежадання быць катамі свайго народу, будзе дадзеная магчымасць аднаўлення на службе», – паведаміў штаб Святланы Ціханоўскай.

«Іх грамадзянская пазіцыя ў гэтыя складаныя дні будзе ўлічвацца пры прыняцці кадравых рашэнняў і прасоўванні па службовай лесвіцы ў новай, свабоднай Беларусі», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Штаб паведамляе, што «сотні супрацоўнікаў праваахоўных органаў падалі рапарты на звальненне са службы ў знак пратэсту супраць самавольства і беззаконня, якое зараз чыніцца».

Акрамя таго, заяўляе штаб, «усе звольненыя з-за ўдзелу ў забастоўках будуць адноўленыя на сваіх працоўных месцах і ім акрамя падтрымкі з фондаў дапамогі забастоўшчыкам і пацярпелым будзе кампенсаваны згублены заробак за кошт дзяржаўнага бюджэту».

«Службовыя асобы органаў улады, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія маюць дачыненне да супрацьпраўных звальненняў забастоўшчыкаў, будуць абавязаныя кампенсаваць усе расходы бюджэту на пакрыццё заробку звольненым удзельнікам забастовак», – папярэдзіў штаб Ціханоўскай.

Беларускае Радыё Рацыя