Што чакае прадпрымальнікаў у летні сезон?



Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавядае, ці зменяцца ўмовы працы для ІП-эшнікаў у летні сезон.

Вячаслаў Піліпук: Летняя праца для прадпрымальнікаў заўсёды менш прыбытковая, бо зніжаецца пакупальніцкая актыўнасць за кошт таго, што многія з’язджаюць з гарадоў на адпачынак альбо на лецішча. Бо сёння многія ўжо не спадзяюцца на прыстойны заробак і разлічваюць на дадатковую дапамогу з таго ж лецішча. Адным словам, колькасць наведвальнікаў на рынках і ў гандлёвых цэнтрах падае і атрымліваецца, што летні перыяд – гэта не зусім добра ў жыцці прадпрымальніцтва. Таму зараз мы бачым, што некаторыя ўласнікі цэнтраў прадбачаць такую сітуацыю і нават зніжаюць арэнду на гэтыя некалькі месяцаў. І ў тым, што буйны бізнес пачынае думаць не толькі пра сябе, ёсць станоўчы момант.

РР: Кажуць, што ў складанай эканамічнай сітуацыі ў плюсе апынуліся тыя прадпрымальнікі, хто гандлюе рэчамі сэканд-хэнд…

Вячаслаў Піліпук: Безумоўна, сёння ў людзей ёсць попыт на такія рэчы, і гэты сегмент заўсёды мае попыт. Там, дарэчы, можна купіць зусім новы тавар, але старых мадэляў. А ўвогуле, зараз у многіх не хапае грошай на нейкія дарагія рэчы, таму даводзіцца эканоміць. Яны не могуць дазволіць тое, што хацелі б і купляюць тое, у чым маюць першую патрэбу. І ўвогуле, рэчы стаяць на другім месцы пасля харчавання.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя