Siemens вывучае магчымасць удзелу ў мадэрнізацыі энергасістэмы Беларусі
Шведская кампанія Siemens Industrial Turbomachinery AB разгледзіць магчымасць удзелу ў далейшай мадэрнізацыі энергасістэмы Беларусі, паведамляе беларускае пасольства ў Швецыі.
Пасол Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Мірончык сумесна з паслом Швецыі ў Беларусі Крысцінай Ёханесан 4 сакавіка наведаў размешчаную ў Фінспонгу штаб-кватэру падраздзялення канцэрна Siemens — кампаніі Siemens Industrial Turbomachinery AB.
Візіт быў арганізаваны пры садзеянні шведскага агенцтва „Бізнес Свідэн” з мэтай знаёмства з асноўнымі ўдзельнікамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін і ацэнкі патэнцыялу магчымых сумесных праектаў.
„Падчас візіту кіраўнік беларускай дыпмісіі правёў сустрэчу з генеральным дырэктарам кампаніі Гансам Хольстрамам і іншымі прадстаўнікамі кіраўніцтва прадпрыемства, наведаў вытворчую пляцоўку Siemens Industrial Turbomachinery AB, абмеркаваў планы шведскага боку па магчымым пашырэнні ўзаемадзеяння з нашай краінай у частцы сэрвісу і ўдзелу ў далейшай мадэрнізацыі энергасістэмы Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні пасольства.
Канцэрн Siemens з`яўляецца адным з буйных пастаўшчыкоў газавых турбін для патрэб энергетычнага сектара і прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Сярод яго кліентаў — ААТ „Беларуськалій”, „Гродна Азот”, Лукомльская і Бярозаўская ГРЭС, іншыя вядучыя беларускія кампаніі. У 2018 годзе газавыя турбіны сталі найбуйнейшай пазіцыяй беларускага імпарту са Швецыі (14,7 млн долараў).
belapan.by
