„Славкалій” пачаў будаўніцтва 11 аб’ектаў Нежынскага ГАКа



ЗТАА „Славкалій”, якое ўваходзіць у групу „Сафмар”, пачало будаўніцтва 11 аб’ектаў Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне.

„Гэта аб’екты часовага перыяду: аўтастаянка, агароджа, пляцоўка для захоўвання матэрыялаў, адміністрацыйна-бытавы комплекс, а таксама тыя, якія будуць эксплуатаваць пасля запуску Нежынскага ГАКа ў работу, – рамонтна-тэхнічны, аўтатранспартны і складскі блокі, акрамя таго, будынак другога корпуса будучага рудаўпраўлення”, – растлумачылі ў кампаніі.

Падрыхтавана тэрыторыя да забудовы водазаборных збудаванняў і помпавых станцый. Выконваюцца работы па ўкладцы вадавода.

„Славкалій” таксама пачынае чарговы этап будаўніцтва чыгуначнага пуці, па якім будзе арганізавана дастаўка грузаў і калійных угнаенняў, перавозка пасажыраў па маршруце Любань – станцыя „Славкалій”. „Бягучыя работы закрануць участак веткі даўжынёй звыш 1 км, якая будзе пралягаць па тэрыторыі ГАКа. Этап рэканструкцыі чыгуначнай станцыі Урэчча, ад якой бярэ пачатак новы чыгуначны пуць, сёння на завяршальнай стадыі”, – адзначылі на прадпрыемстве.

Актыўныя будаўнічыя работы на аб’ектах будуць выконвацца ўвесь вясенне-летні перыяд.

Як паведамлялася, у верасні 2015 года кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў урачыста заклалі капсулу ў азнаменаванне пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу на базе Старобінскага радовішча калійных солей. Гэта будзе другое прадпрыемства ў Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў магутнасцю да 2 млн т хларыду калію ў год. Інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўнога комплексу, абагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для ўласных патрэб, чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Будаўніцтва ГАКа запушчана ў 2016 годзе. Рэалізуе праект ЗТАА „Славкалій”.

belta.by