„Славянка” плануе экспартаваць за мяжу шматразовыя маскі



Бабруйскае швейнае прадпрыемства „Славянка” перайшло з пашыву плашчоў на вытворчасць шматразовых медыцынскіх масак, паведаміў дырэктар прадпрыемства Тэймураз Бачарышвілі 7 сакавіка ў эфіры тэлеканала ОНТ.

„Да свята 8 Сакавіка (такое супадзенне) мы выйдзем на адзін мільён і пачнем вырабляць другі”, — расказаў ён.

Паводле слоў Бачарышвілі, з новай вытворчасцю „Славянка” плануе выйсці і на замежныя рынкі. „Мы адпраўлялі ўзоры і ў Італію, і ў іншыя краіны, зацікаўленасць вельмі вялікая, бо каранавірус насоўваецца на многія краіны. Але цяпер, вядома, прыярытэт — гэта, перш за ўсё, забяспечыць сваіх”, — дадаў дырэктар прадпрыемства.

Як раней паведамляў БелаПАН, прадпрыемствы канцэрна „Беллегпрам” павялічылі вытворчасць медыцынскіх масак удвая. „У мэтах забеспячэння фармацэўтычных арганізацый неабходным аб`ёмам медыцынскіх масак кіраўніцтвам канцэрна „Беллегпрам” прынята рашэнне аб часовым перапрафіляванні шэрагу прадпрыемстваў для пашыву медыцынскіх вырабаў. Цяпер маскі будуць вырабляць 15 прадпрыемстваў (раней — чатыры)”, — паведаміла 5 сакавіка прэс-служба канцэрна. Там таксама адзначылі, што беларускія прадпрыемствы вырабляюць маскі з бавоўны, яны чатырохслаёвыя, шматразовыя, іх можна стэрылізаваць.

Аб першым выпадку выяўлення ў Беларусі каранавіруса COVID-19 Міністэрства аховы здароўя паведаміла 28 лютага. Інфекцыю выявілі ў іранскага студэнта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. 7 сакавіка ў Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што ён вылечаны. „З радасцю паведамляем, што ў студэнта з Ірана атрыманы першы адмоўны вынік на наяўнасць РНК каранавіруса”, — паведаміла прэс-сакратар ведамства Юлія Барадун.

Паводле апошняй інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, усе шэсць пацыентаў з лабараторна пацверджаным каранавірусам COVID-19 (два — у Віцебску і чатыры — у Мінску) адчуваюць сябе здавальняюча: прыкмет захворвання ў іх няма, тэмпература цела нармальная. Пасля заканчэння 14 дзён і пасля атрымання адмоўных вынікаў тэстаў яны могуць быць выпісаныя.

Колькасць людзей, якія заразіліся новым каранавірусам, у свеце перавысіла 100 тысяч. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, налічваецца 101.827 пацверджаных выпадкаў, памерлі 3.484 чалавекі.

belapan.by