Спажыўцы электрычнасці і цяпла завінаваціліся больш за мільярд рублёў
Назапашаны на працягу доўгага часу доўг за пастаўленую беларускім спажыўцам электрычную і цеплавую энергію на 1 лістапада склаў 1 млрд 28,6 млн рублёў, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
На 1 жніўня доўг складаў 973,3 млн рублёў. Такім чынам, за тры месяцы агульная запазычанасць спажыўцоў энергетыкам вырасла на 55,3 млн рублёў.
Як паведамляе Мінэнерга, за 10 месяцаў года спажыўцам было пастаўлена электрычнай і цеплавой энергіі прыкладна на 7,178 млрд рублёў.
Арганізацыі канцэрна „Беллегпрам” аплацілі пастаўленую ім энергію на 99,2%, Мінбудархітэктуры і Дзяржкамваенпрама — 99%, Белкаапсаюза — 97%, Нацыянальнай акадэміі навук — 96,2%, Мінсельгасхарча — 90,9%.
З пачатку года арганізацыі камунальнай формы ўласнасці ні ў адной з абласцей або Менску не разлічыліся за энергію цалкам. Так, узровень аплаты ў Берасцейскай вобласці склаў 98,8%, у Менску — 97,6%, Гарадзенскай вобласці — 96,6%, Магілёўскай — 92,6%, Віцебскай — 92,4%, Гомельскай — 90,2%, Менскай — 87,9%.
У кастрычніку энергетыкі паставілі электрычнасці і цяпла на 753,8 млн рублёў. Спажыўцы аплацілі пастаўкі на 97,5%. У прыватнасці арганізацыі Мінсельгасхарча разлічыліся за энергію на 97%, Дзяржкамваенпрама — 96,8%, Белкаапсаюза — 96,6%, Мінбудархітэктуры — 95%, НАНБ — 92,1%.
Арганізацыі камунальнай формы ўласнасці Берасцейскай вобласці аплацілі пастаўленую энергію на 97,3%, Гомельскай — 96,8%, Менска — 92,5%, Гарадзенскай вобласці — 92,1%, Менскай — 87,6%, Віцебскай — 86,7%, Магілёўскай — 86,2%.
belapan.by
