Станіслаў Багданкевіч: Сітуацыя ў эканоміцы надзвычай дрэнная



„Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі надзвычай дрэнная. Стагнацыя, рэцэсія, падзенне ладу жыцця выкліканыя ўнутранымі прычынамі. Спасылкі на міжнародны крызіс нічога не вартыя”, — заявіў экс-кіраўнік Нацбанка, ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч 4 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Станіслаў Багданкевіч

Паводле яго слоў, сусветная эканоміка расце ў сярэднім на 3% штогод. „Палякі плюсуюць з моманту аднаўлення незалежнасці, хоць у пачатку свабоднага развіцця краіны мы былі на іх узроўні, а можа быць, і крыху вышэй”, — адзначыў Багданкевіч.

Экс-кіраўнік Нацбанка лічыць, што да жабрацтва насельніцтва прыводзіць „нязменнасць улады, адсутнасць канкурэнцыі, вяршэнства права і закона”.

Пры гэтым Багданкевіч назваў два плюсы ў эканоміцы краіны. Першы — збалансаванасць дзяржаўнага бюджэту. „Аднак пры гэтым зноў вырасла знешняя запазычанасць — на 12%, хоць нібыта і асаблівых крэдытаў не бралі. Зноў ідзе выкарыстанне знешніх рэсурсаў на спажыванне”, — сказаў ён.

Другі плюс развіцця эканомікі ў 2016 годзе, на думку Багданкевіча, звязаны са стабільным валютным курсам. „Але гэтая стабілізацыя ажыццёўлена ў сілу стагнацыі ўзроўню жыцця, а не яго развіцця”, — падкрэсліў ён.

Багданкевіч таксама лічыць, што ў Беларусі дастаткова талентаў у любой галіне, каб паспяхова правесці рэформы. Аднак іх напрацоўкі не рэалізуюцца, а „ідуць у архівы, хоць маглі б стварыць падмурак беларускай эканомікі”.

belapan.by