Старшынёй Асацыяцыі беларускіх банкаў абраны Аляксандр Кучынскі



Савет Асацыяцыі беларускіх банкаў (АББ) абраў яе старшынёй Аляксандра Кучынскага, паведаміла БелаПАН прэс-служба асацыяцыі.

Кучынскі выконваў абавязкі кіраўніка АББ з красавіка гэтага года, калі савет Асацыяцыі задаволіў просьбу ранейшага кіраўніка Галіны Кухарэнкі аб вызваленні яе ад пасады.

Аляксандр Кучынскі нарадзіўся ў 1975 годзе ў Кобрыне Берасцейскай вобласці. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1997 годзе пачаў сваю працоўную дзейнасць у Асацыяцыі беларускіх банкаў, дзе прапрацаваў больш за 20 гадоў на розных пасадах — ад юрысконсульта да намесніка старшыні.

З’яўляецца членам кансультатыўнага камітэта па фінансавых рынках пры Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, Галіновага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Жанаты, мае дзвюх дачок.

Асацыяцыя беларускіх банкаў — недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, створаная ў 1990 годзе, аб’ядноўвае ўсе беларускія банкі і 11 арганізацый, дзейнасць якіх звязаная з функцыянаваннем банкаўскай сістэмы. Асноўнымі мэтамі асацыяцыі з’яўляюцца каардынацыя дзейнасці банкаў і павышэнне эфектыўнасці іх працы, а таксама садзейнічанне выпрацоўцы і ажыццяўленню грашова-крэдытнай палітыкі і развіццю банкаўскай справы ў Беларусі.

belapan.by