Стаўка рэфінансавання: курс на паніжэнне



Экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае пра тое, ці ёсць сёння падставы зніжаць стаўку рэфінансавання.

Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 1 мая будзе зніжана на 2 працэнтныя пункты да 22% гадавых, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

У Беларусі апошні раз стаўка рэфінансавання змянялася 1 красавіка. Тады яна была зніжана на 1 працэнтны пункт. Да гэтага ў краіне стаўку рэфінансавання змянялі толькі 9 студзеня 2015 года, калі яна была павялічана на 5 працэнтных пунктаў.

Станіслаў Багданкевіч: Відаць, Нацыянальны банк лічыць, што інфляцыя ў нас зніжаецца, хаця за першы квартал яна склала 5,7 адсоткf. Гэта дастаткова высокі ўзровень інфляцыі. Калі за тры месяцы інфляцыя – каля 6 адсоткаў, то колькі яна будзе за год? Таму стаўка рэфінансавання 22 адсоткі – такое можна дапусціць, але не думаю, што яе варта было зніжаць, калі інфляцыя працягвае быць дастаткова вялікай.

РР: Стаўку знізілі, каб зрабіць больш таннымі крэдыты для рэальнай эканомікі?

Мяркую, што так. Нацбанку трэба знізіць стаўкі па дэпазітах і ўкладах і, тым самым, аўтаматычна знізіць крэдытныя стаўкі для эканомікі. Па вялікаму рахунку, гэта можна было б рабіць, калі б ужо адзначалі перамогу над інфляцыяй. Але ж, паўтаруся, гэтага пакуль мы не бачым.

РР: Камерцыйныя банкі таксама знізяць стаўкі па дэпазітах для насельніцтва?

— У банкаў ёсць арыенцір на Нацыянальны банк, але не ўсе звяртаюць увагу на ваганні стаўкі рэфінансавання. Але, мяркую, агульная тэндэнцыя будзе на зніжэнне ставак па тэрміновых укладах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя