Стаўка рэфінансавання павышаная да 8,5% гадавых



Нацыянальны банк 21 красавіка павысіў стаўку рэфінансавання з 7,75% да 8,5% гадавых.

Гэта першае за шэсць гадоў павышэнне — апошні раз стаўку рэфінансавання ў Беларусі падымалі ў студзені 2015 года. Тады на фоне ўзмацнення інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў яна была павышаная з 20 да 25% гадавых. Пасля гэтага да 2020 года стаўку рэфінансавання пастаянна памяншалі, апошні раз яе зніжэнне было зафіксавана ў ліпені 2020 года — з 8 да 7,75% гадавых.

Цяперашняе павышэнне стаўкі рэфінансавання да 8,5% гадавых Нацбанк патлумачыў паскарэннем інфляцыйных працэсаў у краіне.

„У канцы 2020 года інфляцыйныя працэсы паскорыліся, што было абумоўленае пераносам у цэны аслаблення беларускага рубля, а таксама шокамі прапановы на рынках асобных харчовых тавараў. У пачатку 2021 года інфляцыя працягнула паскарацца пад уплывам далейшага павышэння сусветных цэн на харчовыя тавары, а таксама на імпартаваныя нехарчовыя тавары”, — нагадаў Нацбанк.

Рэгулятар адзначыў, што кошт імпартаваных тавараў „для спажыўца павялічыўся з-за росту лагістычных выдаткаў і перабояў з пастаўкамі з прычыны пандэміі”.

„Дадатковы праінфляцыйны ўплыў на ўнутраным рынку Беларусі сфармаваўся ў сувязі з адменай льгот па падатку на дададзены кошт. Названыя фактары на фоне паскоранай інфляцыі і яе працяглага адхілення ад 5-працэнтнага ўзроўню прывялі да павышэння інфляцыйных чаканняў, што пацвярджаецца вынікамі апытання насельніцтва і маніторынгу прадпрыемстваў”, — канстатаваў Нацбанк.

Наступствам стала пашырэнне пераліку тавараў і паслуг спажывецкага кошыка, цэны на якія сталі расці больш высокімі тэмпамі. У сакавіку 2021 года прырост спажывецкіх цэн склаў 8,5% у гадавым выражэнні, удакладняе рэгулятар.

„У мэтах абмежавання інфляцыі Нацыянальным банкам у межах рэжыму манетарнага таргетавання прыняты комплекс мер, скіраваных на ўзмацненне кантролю за грашовай прапановай”, — паведамляе Нацбанк.

На гэтым тыдні намеснік начальніка ўпраўлення эканамічнага аналізу галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Пётр Мілеўскі заявіў, што ў другім квартале інфляцыя можа скласці 1,2% (супраць 3,8% у першым квартале).

„Згодна з нашай ацэнкай, у красавіку—чэрвені рост спажывецкіх цэн можа скласці 1,2%, а ў гадавым выражэнні інфляцыя (чэрвень да чэрвеня) можа скласці каля 9%”, — адзначыў Мілеўскі 19 красавіка на медыяснеданні, арганізаваным Даследчым цэнтрам ІПМ.

Каментуючы магчымую гадавую дынаміку інфляцыі, прадстаўнік Нацыянальнага банка выказаў меркаванне, што ў другім паўгоддзі яна будзе запавольвацца і па выніках года рост спажывецкіх цэн можа скласці каля 7%.

„Наша мэта на гэты год, каб інфляцыя была ў раёне 7%. Мы разлічваем, што ў другім паўгоддзі будзе назірацца запаволенне інфляцыі”, — удакладніў Мілеўскі, адказваючы на пытанні БелаПАН.

belapan.by