Сусветны банк бачыць рызыкі пагаршэння сітуацыі ў беларускай эканоміцы



У сярэднетэрміновай перспектыве рызыкі неспрыяльнага развіцця сітуацыі ў беларускай эканоміцы застаюцца значнымі, гаворыцца ў „Комплексным дыягнастычным даследаванні эканомікі Рэспублікі Беларусь”, якое падрыхтаваў Сусветны банк.

На думку банка, рызыкі, звязаныя з вонкавымі фактарамі, зыходзяць з дзвюх крыніц.

„Вялікія выплаты ў кошт пагашэння знешняга доўгу ствараюць рызыку неўпарадкаванай карэкціроўкі дысбалансаў ў знешнім сектары з-за ўзмацнення жорсткасці умоў запазычанняў на міжнародных рынках”, — адзначаюць аўтары даследавання.

Хоць дэфіцыт рахунку бягучых аперацый скараціўся да ўзроўню 4%, валавы знешні доўг Беларусі застаецца значным — 76,6% ВУП.

„Большасць валавога знешняга доўгу прыпадае на дзяржсектар і характарызуецца складанай і нераўнамернай структурай абслугоўвання доўгу — пік выплат надыходзіць кожныя некалькі гадоў”, — падкрэсліваюць эканамісты Сусветнага банка.

На думку банка, нафтагазавыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты паміж Мінскам і Масквой ў 2007 годзе, дазволілі знізіць ціск на беларускі плацежны баланс, але эканоміка краіны застаецца ўразлівай.

„Беларусь усё яшчэ ўразлівая да валацільнасці сусветных цэн на сыравінныя тавары і да зменаў у гандлёвай палітыцы энергарэсурсамі з Расіяй. Змены па гэтых двух напрамках ствараюць дадатковыя складанасці для ўрада ў адшуканні рэсурсаў у замежнай валюце, неабходных для абслугоўвання доўгу”, — гаворыцца ў даследаванні.

Акрамя знешніх Сусветны банк бачыць унутраныя рызыкі, якія пагражаюць беларускай эканоміцы.

„Унутраныя фактары, якія могуць негатыўна ўплываць на развіццё сітуацыі, звязаны з рызыкай неўпарадкаванай ліквідацыі дысбалансу ў фінансавым сектары, калі не будуць выпрацаваны механізмы вырашэння праблем неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў і праблемных крэдытаў”, — мяркуюць аўтары.

На думку эканамістаў банка, таксама захоўваецца рызыка адхілення ад курсу, накіраванага на забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці.

belapan.by