Сусветны банк гатовы пазычыць Беларусі яшчэ 100 млн даляраў



Сусветны банк гатовы даць Беларусі з 2019 года дадатковую пазыку ў 100 млн даляраў на энергаэфектыўныя праекты, паведаміў на прэс-канферэнцыі 10 лістапада ў Менску намеснік дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі (Дзяржстандарта) Уладзімір Камашка.

Паводле яго слоў, цяпер у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі працуе 3.787 кацельняў, з іх 2.933 — на мясцовых відах паліва. У 2016—2020 гадах плануецца перавесці на мясцовыя віды паліва яшчэ каля 130 кацельняў.

„У гэтым плане нам вельмі дапамагае Сусветны банк, — сказаў чыноўнік. — Сёння ў краіне рэалізуецца праект па выкарыстанні драўнянай біямасы ў цэнтралізаваным цеплазабеспячэнні. Мы планавалі мадэрнізаваць 13 энергакрыніц, але добра старгаваліся па ўсіх аб’ектах і атрымалі рэшту сродкаў, якая дазволіць мадэрнізаваць яшчэ сем энергакрыніц. Такім чынам, да канца 2018-га — пачатку 2019 года мы зробім прыкладна 20 энергакрыніц. Усё гэта за кошт крэдыту Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (асноўная крэдытная ўстанова Сусветнага банка. — БелаПАН.) — вельмі выгаднага для Беларусі — да 100 млн даляраў „.

„Цяпер банк выйшаў з прапановай працаваць яшчэ і яшчэ пад 100 млн даляраў на тых жа ўмовах — па стаўцы крэдыту менш за 1%. Мяркуецца, што гэта будзе альбо працяг пазыкі, альбо асобная пазыка”, — дадаў ён.

Камашка паведаміў, што за кошт новага крэдыту мяркуецца працягнуць перавод кацельняў на драўнянае паліва, а таксама выканаць пэўныя праекты па энергаэфектыўнасці ў жыллёвым сектары.

„Пакуль выпрацоўваюцца механізмы не столькі фінансавання мерапрыемстваў у жыллёвым сектары, колькі вяртанне крэдытных рэсурсаў, якія падаў Сусветны банк. Трэба выпрацаваць нейкія комплексныя механізмы вяртання, у якіх былі б задзейнічаныя дзяржава і ў нейкай ступені насельніцтва. Магчыма нават з’явіцца механізм энергасервісных кампаній”, — сказаў намеснік дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

Каардынатар энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрый Буронкін па просьбе БелаПАН патлумачыў, якім чынам працуюць энергасэрвісныя кампаніі (ЭСК). Так, паводле яго слоў, ЭСК прапануюць жыхарам канкрэтнага дома плаціць за энергію па фіксаваным тарыфе на працягу доўгага перыяду.

„Дапусцім, вы плаціце за энергію адзін рубель. Кампанія фіксуе гэты тарыф, скажам, на 20 гадоў. У гэты перыяд яна мадэрнізуе дом — зніжае яго цепластраты і робіць больш энергаэфектыўным. Такім чынам, рэальныя выдаткі на энергію ў доме зніжаюцца, напрыклад, да 97 капеек, але жыхары па-ранейшаму плацяць кампаніі столькі ж, колькі і плацілі. Для іх выгада заключаецца ў стабільным кошце і ўдасканаленым доме, а кампанія пачынае атрымліваць прыбытак за кошт розніцы паміж выдаткамі і тым, што плацяць жыхары”, — сказаў Буронкін.

БелаПАН