Сусветны банк плануе выдзеліць 1,9 млн долараў на перапіс насельніцтва ў Беларусі



Сусветны банк плануе выдзеліць 1,9 млн долараў у якасці дапамогі на правядзенне перапісу насельніцтва ў Беларусі у 2019 годзе, паведаміла 20 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.

Паводле яе слоў, падпісанне пагаднення з СБ знаходзіцца ў стадыі завяршэння. З улікам таго, што падчас пробнага перапісу насельніцтва ў Маладзечне летась траціна грамадзян заявілі пра гатоўнасць адказаць на пытанні па інтэрнэце, Сусветны банк выступіў з прапановай аб гранце, каб забяспечыць падрыхтоўку інтэрнэт-перапісу, сказала Мядзведзева. „Сума ў 1,9 млн пойдзе на стварэнне праграмнага прадукту і на закупку часткі планшэтаў, якія будуць выкарыстаныя ў перапісу„, — паведаміла кіраўнік Белстата.

Працягваюцца таксама перамовы з ЮНФПА. „Арганізацыя ўжо аказала спонсарскую дапамогу і прафінансавала сацыяльны ролік да пробнага перапісу насельніцтва, які прайшоў у Маладзечанскім раёне Менскай вобласці ў 2017 годзе. Ролік можна было ўбачыць на ўсіх рэспубліканскіх тэлеканалах. Казаць пра суму новай дапамогі пакуль рана, праца працягваецца. Гэтыя грошы пойдуць выключна на інфармацыйна-растлумачальную працу„, — сказала Мядзведзева.

На закупку планшэтаў будуць накіраваныя і частка вылучаных спонсарскіх сродкаў беларускіх арганізацый. „Для мінімізацыі фінансавых выдаткаў на перапіс насельніцтва частку планшэтаў прадугледжваецца ўзяць у часовае карыстанне з наступным іх вяртаннем уласніку. Ужо ёсць дамоўленасць з Міністэрствам аховы здароўя і Мінадукацыі„, — сказала кіраўнік Белстата.

З улікам правядзення інтэрнэт-перапісу плануецца скараціць закупку планшэтаў да 12 тыс.

Мядзведзева таксама паведаміла, што зараз вядзецца распрацоўка праграмы фармавання выніковых звестак перапісу насельніцтва (спіс пытанняў), стварэнне сістэмы аховы інфармацыі, якая будзе атрыманая падчас перапісу насельніцтва.

Вялікая ўвага надаецца ўпарадкаванню назваў вуліц, нумарацыі дамоў і кватэр у гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і буйных сельскіх населеных пунктах. З гэтай мэтай выбарачна ажыццяўляюцца праверкі адраснай гаспадаркі. Для ліквідацыі выяўленых недахопаў (адсутнасць нумара дома, аншлагу) інфармуюцца мясцовыя органы улады. У лістападзе гэтага года плануецца пачаць працу рэгістратараў, якія правераць ўсе памяшканні, дзе жывуць людзі. Іх адрасы будуць занесеныя ў базу перапісных планшэтаў”, — сказала Мядзведзева.

Пры гэтым, заўважыла яна, пробны перапіс паказаў, што час запаўнення анкеты на электроннай прыладзе ў параўнанні з папяровым носьбітам скараціўся ў тры разы да пяці хвілін.   БелаПАН