Светлагорскі ЦКК скасоўвае кантракт з кітайскім генпадрадчыкам



 ААТ „Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” скасоўвае кантракт з кітайскім генпадрадчыкам, вынікае з аб’явы на сайце прадпрыемства аб скліканні пазачарговага сходу акцыянераў ААТ, прызначанага на 15 жніўня.

Першае пытанне, вынесенае на разгляд акцыянераў, — „Аб скасаванні кантракта будаўнічага падраду ад 11 кастрычніка 2010 года паміж ААТ „Светлагорскі ЦКК” і ААТ „Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС” (САМСЕ), Пекін, Кітайская Народная Рэспубліка”.

Завод беленай цэлюлозы быў пабудаваны кітайскай карпарацыяй CAMCE з прыцягненнем звязанага крэдыту КНР. Паўнавартасны ўвод яго ў эксплуатацыю больш як год адкладаецца. Паводле звестак кіраўніцтва ЦКК, агульны кошт будаўніцтва склаў прыблізна 770 млн даляраў.

У канцы 2017 года на новым заводзе пачаліся пусканаладачныя работы. Ваколіцу вёску Якімава Слабада і Светлагорск накрыў смурод. Мясцовыя жыхары на ўсіх узроўнях улады ўздымалі праблему. Кіраўніцтва ЦКК прымала розныя меры па ліквідацыі дрэннага паху (ад газападобных меркаптанаў) і пераконвала насельніцтва ў тым, што газы не нясуць шкоды здароўю людзей і навакольнаму асяроддзю.

У пачатку траўня Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накіравала кіраўніцтву завода ліст з патрабаваннем неадкладна прыняць меры з-за скаргаў мясцовых жыхароў на смурод.

Актывісты, якія выступаюць супраць запуску вытворчасці, раней распаўсюдзілі інфармацыю аб частковым абрушэнні даху аднаго з аб’ектаў на заводской тэрыторыі. Аднак канцэрн „Беллеспаперапрам” гэта аспрэчваў.

belapan.by