Сямашка ізноў паляцеў у Маскву на перамовы



Беларуская ўрадавая дэлегацыя пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі зноў праводзіць ў Маскве перамовы па нафтагазавай спрэчцы. «Перамовы з расейскім бокам працякаюць ў перманентным рэжыме. У перамовах удзельнічаюць спецыялісты і кіраўнікі профільных ведамстваў, у тым ліку «першых асобаў» ўрада», — паведамляе расейскае агенства РИА «Новости».

Беларускі эканаміст Леанід Заіка не бачыць перспектываў у гэтых перамовах.

– Цана на газ у 140 даляраў прыкладна раўняецца цане на звадкаваны газ, г.зн. тое, што можна лічыць рынкавай цаной. Лепш трэба было абмяркоўваць, за чый кошт яны едуць у Маскву, на якой падставе, навошта яны ездяць туды-сюды? У Расеі ўсё робіцца правільна – яна ставіць на месца ўлады Беларусі: няхай катаюцца, няхай прыніжаюцца, няхай просяць.

Тым часам улады Беларусі шукаюць альтэрнатыву расейскім нафтапрадуктам.  Лукашэнка ў верасні мінулага года запатрабаваў знайсці альтэрнатыву расейскаму газу. А сёння падчас наведвання „Магілёўшчыны” кіраўнік дзяржавы запатрабаваў у беларускіх навукоўцаў вынайсці новую крыніцу энергіі, каб «не трэба было на каленях поўзаць перад нашымі братамі, молячы іх і выпрошваючы тону нафты ці кубаметр газу».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота саmarade.biz