Сямашка: Першыя аўтамабілі з канвеера новага завода „Белджы” сыдуць 25-26 чэрвеня



Першы аўтамабіль, сабраны на новым заводзе „Белджы” пад Барысавам, можа сысці з канвеера ў канцы наступнага тыдня. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка 13 чэрвеня ў Дзяржынску (Менская вобласць) на прэзентацыі холдынгу „Амкадор-Семаш”.

„Мы плануем 25-26 чэрвеня выпусціць першыя пяць-дзесяць машын. Будмантаж на заводзе выкананы на 100%, абсталяванне адладжанае больш чым на 99%. Мы хочам выпусціць невялікую колькасць аўтамабіляў, а далей, у адпаведнасці з кантрактам, нашы кітайскія калегі павінны правесці кантрольныя выпрабаванні”, — удакладніў намеснік прэм’ер-міністра.

Выпрабаванні, сутнасць якіх заключаецца ў тым, каб сабраць за 72 гадзіны 222 машыны, пройдуць у сярэдзіне жніўня, пасля чаго вытворчасць будзе выходзіць на праектную магутнасць, патлумачыў Сямашка.

Беларуска-кітайскае СЗАТ „Белджы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, было створанае ў 2011 годзе. У лютым 2013 года на прадпрыемстве быў сабраны першы аўтамабіль. Акцыянерамі „Белджы” з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (51,49%), Zhejang Jirun Automobile Co., Ltd (33,47%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (9,01%) і CITIC International Investment Limited (6,03%).

У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзінам пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. Для рэалізацыі праекта выдзелены кітайскі крэдыт на 158,7 млн долараў ЗША. Агульны аб’ём інвестыцый складзе 400 млн еўра.

belapan.by