Сярэдняя зарплата ў Менску падае трэці месяц запар
У Менску налічаная сярэдняя зарплата ў верасні 2017 года склала 1.137,1 рубля, што на 1,2 рубля менш, чым у жніўні, сведчаць даныя афіцыйнай статыстыкі.
Сярэдні заробак у Менску падае трэці месяц запар: за ліпень зніжэнне склала 1,8 рубля, за жнівень — 3 рублі.
Пры гэтым рэальная зарплата (з улікам росту цэн) у параўнанні з вераснем мінулага года вырасла на 5,1%, паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.
Самую вялікую зарплату ў Менску па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты. У верасні 2017 года сярэдняя зарплата работнікаў, дзейнасць якіх звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі, склала 3.641,5 рубля. У ліку найбольш высокааплатных таксама работнікі: паветранага транспарту — 2.371,2 рубля; тэлекамунікацыйнай сферы — 1.775,7; хімічнай прамысловасці — 1.647,5; работнікі фінансавага і страхавога сектара — 1.515,7; аптавікі — 1.403,9; архітэктары, бухгалтары і юрысты — 1.389,5; навукоўцы — 1.283,7; занятыя ў нафтаперапрацоўцы — 1.257,1; спецыялісты па рамонце машын і абсталявання — 1.216,5; работнікі энергетычнай сферы — 1.015,5; фармацэўтычнай прамысловасці — 1.104 рубля.
Самы нізкі заробак у сталіцы ў сацыяльных работнікаў (534,4 рубля) і работнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў (564,2 рубля).
У верасні 2017 года ў сталічнай прамысловасці сярэдняя зарплата склала 1.035,6 рубля, у будаўніцтве — 1.087,7 рубля, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы — 1.131,8 рубля, у рознічным гандлі — 935,9 рубля, у адукацыі — 667,9 рубля. Сярэдні заробак работнікаў аховы здароўя склала 813,2 рубля.
Паводле звестак Белстата, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў традыцыйна была ў Мінску, найменшая — у Віцебскай вобласці (708,1). У Берасцейкай вобласці сярэдняя зарплата склала 723,4 рубля, у Гомельскай — 753,3, Гарадзенскай — 723,5, Менскай — 838,5, Магілёўскай — 713,9 рубля.
У каментары БелаПАН дацэнт, кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч адзначаў, што значная розніца паміж сярэдняй зарплатай у сталіцы і рэгіёнах звязана з тым, што ў Мінску сканцэнтраваныя асноўныя фінансавыя рэсурсы, банкі, сканцэнтраваныя вышэйшыя кіраўнічыя кадры, шмат аптовых і IT-кампаній, моцна развіта сфера паслуг і працуе вялікая колькасць прадпрымальнікаў. „У рэгіёнах жа дагэтуль большасць насельніцтва працуюць на прадпрыемствах альбо дзяржаўнай, альбо змяшанай або камунальнай формы ўласнасці. Заробкі там невысокія, асабліва ў бюджэтнай сферы, сельскай гаспадарцы. І няма той разнастайнасці на рынку працы, якая ёсць у Менску”, — патлумачыў эксперт. БелаПАН
