Сярэдняя зарплата ў Менску за люты знізілася на 7,4 рубля



У Менску налічаная сярэдняя зарплата ў лютым 2017 года склала 1.020,2 рубля, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы. Гэта на 7,4 рубля менш, чым у студзені 2017 года.

Пры гэтым рэальная зарплата (з улікам росту цэн) у лютым 2017-га ў параўнанні з такім жа леташнім месяцам не змянілася.

Самую высокую зарплату ў сталіцы па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты. У лютым 2016 года сярэдняя зарплата работнікаў, дзейнасць якіх звязаная з інфармацыйнымі тэхналогіямі, склала 3.489,5 рубля. У ліку найбольш высокааплатных таксама работнікі фінансавага і страхавога сектара — 1.888,8 рубля; паветранага транспарту — 1.855,7; нафтаперапрацоўкі — 1.494; тэлекамунікацыйнай сферы — 1.390,3; аптавікі — 1.276,3 рубля; архітэктары, бухгалтары і юрысты — 1.221,7; выдаўцы — 1.211,3; работнікі хімічнай прамысловасці — 1.015,4; работнікі галіны па забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой — 1.007,6.

Самы нізкі заробак у сталіцы ў сацыяльных работнікаў (501,9 рубля) і работнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў (522,4 рубля).

У лютым 2017 года ў сталічнай прамысловасці сярэдняя зарплата склала 904,7 рубля, у будаўніцтве — 890,7 рубля, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы — 813,2 рубля, у рознічным гандлі — 830,7 рубля, у адукацыі — 648,2 рублі. Сярэдні заробак работнікаў аховы здароўя склаў 735,5 рубля.

Як паведамлялася, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў традыцыйна была ў Менску, найменшая — у Гарадзенскай вобласці (606,2). У Берасцейскай вобласці сярэдняя зарплата склала 614,2 рубля, у Віцебскай — 606,7, Гомельскай — 638, Менскай — 713, Магілёўскай — 610,4.

belapan.by