Тарыф на транзіт нафты па тэрыторыі Беларусі вырасце больш чым на 6%



1 лютага тарыф на транзіт расейскай нафты па беларускай тэрыторыі павялічыцца больш чым на 6%, паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, адказваючы на пытанні журналістаў у Менску 30 студзеня.

Ён адзначыў, што перамовы па гэтым пытанні скончыліся. „Мы ні пра што не дамовіліся, таму ўваходзіць у сілу артыкул інструкцыі, згодна з якім усталяваны парадак павышэння тарыфу на транзіт нафты — гэта сярэднегадавы тэмп інфляцыі, усталяваны прагнозам Расеі, плюс тры працэнтныя пункты”, — сказаў Калтовіч. Тарыф на прапампоўванне нафты вырасце „больш чым на 6%, па-мойму, 6,6%”, дадаў ён.

Калтовіч адзначыў, што ў беларускага боку ёсць рознагалоссі з Расеяй па вызначэнні тарыфу.

Адказваючы на дадатковае пытанне, ці плануе Беларусь вярнуцца да перамоваў па тарыфе і настойваць на яго павелічэнні, міністр заявіў, што ўсё будзе „ў адпаведнасці з устаноўленым парадкам”.

„Калі мы ўбачым, што ў нас растуць выдаткі арганізацый, якія забяспечваюць транзіт, то, вядома, так”, — растлумачыў Калтовіч.

У 2019 годзе беларускі бок хацеў павысіць тарыф на прапампоўванне нафты на 16,6%, каб кампенсаваць страты ад паступлення ў краіну „бруднай” расейскай нафты, аднак РФ заблакавала гэтае рашэнне.

У пачатку снежня 2019 года афіцыйны прадстаўнік „Транснефці” Ігар Дзёмін пацвердзіў, што кампанія атрымала ад беларускіх калег прапанову павысіць тарыф.

„У адпаведнасці з прынятай методыкай мы адказалі, што не згодныя з прапанаваным павышэннем, бо яно значна вышэйшае за меркаваныя велічыні пасля павышэння тарыфаў летам і не пацверджанае разлікамі”, — сказаў Дзёмін.

belapan.by