Тарыф на транзіт расейскай нафты па Беларусі з 1 лютага вырасце на 6.6%



Тарыф на транспартаванне нафты па магістральных трубаправодах ААТ „Гомельтранснафта Дружба” 1 лютага павышаецца на 6,6%. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 6 ад 22 студзеня 2021, паведамляе прэс-служба ведамства.

Транспартаванне нафты ажыццяўляецца па транзітных напрамках і па маршрутах для ўнутранага спажывання, адзначыла прэс-служба.

Паводле інфармацыі МАРГ, у 2020 годзе назіралася істотнае зніжэнне транзіту нафты ў параўнанні з запланаваным узроўнем, што паўплывала на выручку ААТ „Гомельтранснафта Дружба”. На фінансава-эканамічнай дзейнасці прадпрыемства ў 2020 годзе таксама негатыўна адбілася ўвядзенне экалагічнага падатку і павелічэнне падатку на прыбытак для арганізацый трубаправоднага транспарту.

У жніўні 2020 года ААТ „Гомельтранснафта Дружба” быў ініцыяваны разгляд пытання аб пазапланавым пераглядзе тарыфаў. Расейскі бок гэта не падтрымаў.

Для кампенсацыі недаатрыманых даходаў за мінулы год „Гомельтранснафта Дружбе” было прапанавана ажыццявіць у 2021 годзе павелічэнне тарыфаў на паслугі па транспартаванпні нафты на 24,5%.

Методыкай (механізмам) змены тарыфаў на паслугі па транспартаванні (транзіце) нафты па магістральных нафтаправодах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, прадугледжаны парадак узгаднення меркаванага росту тарыфаў паміж арганізацыямі трубаправоднага транспарту беларускага і расейскага бакоў, а ў выпадку адсутнасці дамоўленасці паміж імі — паміж упаўнаважанымі органамі (МАРГ і ФАС). У выпадку адсутнасці дамоўленасці па памеры тарыфаў паміж МАРГ і ФАС выкарыстоўваецца гарантаваны механізм устанаўлення тарыфаў.

„З-за адсутнасці зацікаўленасці ў расейскага боку ў кампенсацыі недаатрыманых даходаў ААТ „Гомельтранснафта Дружба”, узаемапрымальнага рашэння адносна росту тарыфаў не ўдалося дасягнуць ні паміж арганізацыямі, якія транспартуюць, ні на ўзроўні ўпаўнаважаных органаў, — растлумачылі ў МАРГ. — У сувязі з гэтым разлік працэнта росту разгляданых тарыфаў праведзены ў адпаведнасці з гарантаваным механізмам устанаўлення тарыфаў на паслугі па транспартаванні нафты, прадугледжаным методыкай: сярэднегадавы індэкс спажывецкіх цэн на 2021 год, усталяваны параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Расейскай Федэрацыі, павялічаны не больш як на 3 працэнтныя пункты”.

belapan.by