Тавараабарот паміж Беларуссю і Чэхіяй у І квартале вырас на 50 працэнтаў



Тавараабарот паміж Беларуссю і Чэхіяй у першым квартале 2018 года вырас на 50 працэнтаў, паведаміў намеснік міністра прамысловасці і гандлю Чэхіі Эдуард Муржыцкі ў час Беларуска-чэшскага бізнес-форуму.

„Тавараабарот паміж нашымі краінамі апошнім часам расце: у першым квартале бягучага года ён вырас на 50 працэнтаў. Гэта вельмі добры вынік. Чэшскія кампаніі актыўна супрацоўнічаюць з беларускімі. Напрыклад, чэшская кампанія Mavel удзельнічае ў рэалізацыі гідраэнергетычных праектаў у Беларусі, „Мега” пастаўляе ў Беларусь тэхналогіі ў сферы харчовай прамысловасці, будаўнічая кампанія „Метрастаў” будуе водаачышчальную станцыю ў Брэсце. Акрамя таго, нашы краіны моцныя ў машынабудаванні, таму ў супрацоўніцтва Беларусі і Чэхіі ў гэтым напрамку ёсць добры патэнцыял. Што датычыцца сферы камп’ютарных тэхналогій, то многія беларускія кампаніі працуюць на чэшскім рынку”, – сказаў Эдуард Муржыцкі.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў падкрэсліў, што правядзенне бізнес-форуму сведчыць аб цікавасці беларускага бізнесу да развіцця супрацоўніцтва з Чэхіяй. „Чэхія з’яўляецца для нас важным гандлёва-эканамічным партнёрам у Еўрапейскім рэгіёне. У 2017 годзе зафіксаваны рост тавараабароту паміж нашымі краінамі, а ў першым квартале бягучага года гэта тэндэнцыя ўмацавалася. У 2017 годзе аб’ём беларускага экспарту ў Чэхію склаў $92,7 млн – гэта рост на 10 працэнтаў у параўнанні з 2016 годам. Асабліва добрая дынаміка назіраецца ў сферы паслуг, дзе беларускі экспарт у 2017 годзе склаў $80 млн, гэта значыць вырас на 76 працэнтаў адносна ўзроўню 2016 года. За студзень-сакавік 2018 года экспарт тавараў з Беларусі ў Чэхію перасягнуў $28 млн – гэта рост на 48,4 працэнта”, – адзначыў ён.

Чэшскае абсталяванне ўстаноўлена на такіх беларускіх прадпрыемствах, як ААТ „Нафтан”, ААТ „Белшына”, Беларускі металургічны завод, выкарыстоўваецца ў энергетычным сектары. У Чэхію пастаўляюцца такія беларускія тавары, як трактары, камбайны, халадзільнікі, інтэгральныя мікрасхемы, лазеры, пральныя машыны. Штогод з Чэхіі ў Беларусь паступае каля $40-50 млн інвестыцый. „Сёння найбольш перспектыўнымі сферамі для інвесціравання ў Беларусь з’яўляюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, машынабудаванне, фармацэўтыка, аграпрамысловы комплекс і банкаўская сфера. Беларускія прадпрыемствы зацікаўлены ў стварэнні сумесных з Чэхіяй прадпрыемстваў і альянсаў у сферы вытворчасці аўтакампанентаў, сельскагаспадарчага машынабудавання, зборачных вытворчасцей грузавога аўтамабільнага транспарту, рэалізацыі сумесных праектаў у галіне электратранспарту”, – дадаў Яўген Шэстакоў.

Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты сумесна з гандлёва-прамысловай палатай па краінах СНД (Чэхія) праводзіць у Мінску Беларуска-чэшскі бізнес-форум і кантактна-кааперацыйную біржу з прадстаўнікамі чэшскіх прадпрыемстваў. Сёння ў Мінску адбудзецца пасяджэнне беларуска-чэшскай змешанай камісіі па эканамічным, прамысловым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

belta.by