Таваразварот Беларусі з ЕЗ вырас на 5,6%



Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрапейскага Звяза ў студзені—сакавіку 2017 года ў параўнанні са студзенем—сакавіком 2016 года павялічыўся на 5,6% — да 2 млрд 925,3 млн даляраў.

Тавараабарот з ЕЗ зніжаўся на працягу больш чым трох гадоў. У 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м ён скараціўся на 22,3% і склаў 11 млрд 175,7 млн даляраў, у 2015 годзе зніжэнне тавараабароту склала 28,5% у параўнанні з 2014-м. У студзені—лютым гэтага года ўпершыню назіраўся нязначны прырост — 0,4%.

За студзень—сакавік 2017 года экспарт у краіны ЕЗ вырас на 0,5% — да 1 млрд 613,6 млн даляраў, імпарт павялічыўся на 12,6% — да 1 млрд 311,7 млн. Станоўчае сальда склала 301,9 млн даляраў.

З агульнага аб’ёму экспарту ў студзені—сакавіку 2017 года на долю краін ЕАЭС прыпадала 47,5% (у студзені—сакавіку 2016 года — 42,4%), з іх на долю Расеі — 45,5% (40,8%), ЕЗ — 26,1% (32,1%), астатніх краін — 26,4% (25,5%). Імпарт з краін ЕАЭС склаў 58,4% агульнага аб’ёму імпарту (у студзені—сакавіку 2016 года — 57,2%), з Расеі — 58% (56,7%), ЕЗ — 18,2% (19,8%), астатніх краін — 23,4% (23%).

У студзені—сакавіку 2017 года зарэгістраваныя аб’ёмы экспартна-імпартных аперацый са 179 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 138 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 166 краін.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі ў студзені—сакавіку 2017 года з’яўляліся: Расея — 52,3% усяго аб’ёму тавараабароту, Украіна — 7,2%, Кітай — 4,9%, Вялікабрытанія — 4,4%, Германія — 4,3%, Польшча — 3,8%, Турцыя — 1,8%, Літва, Нідэрланды — па 1,7%, ЗША, Італія і Казахстан — па 1%.

Экспарт тавараў у Расею склаў 2 млрд 812,8 млн даляраў ЗША, што на 37,9% больш, чым за студзень—сакавік 2016 года, імпарт з Расеі — 4 млрд 176,5 млн (на 24,3% больш).

У Вялікабрытанію экспартавана тавараў на 540,3 млн даляраў (на 97% больш), імпартавана — на 50,3 млн (на 83,4% больш).

Аб’ём экспарту ва Украіну склаў 750,1 млн даляраў (на 25% больш), імпартавана ў Беларусь — на 241,9 млн (на 48,7% больш).

У Нідэрланды экспартавана тавараў на 187 млн даляраў (на 53,5% менш за паказчык студзеня—сакавіка 2016 года), імпартавана — на 44,3 млн (на 9% больш).

Экспарт у Германію склаў 251,4 млн даляраў (на 22,4% больш), імпарт — 323,9 млн (на 26,7% больш).

Аб’ём экспарту ў Літву знізіўся да 174,3 млн долараў (на 15,6%), імпарт павялічыўся да 58,7 млн (на 17,4%).

У Кітай экспартавана тавараў на 89,2 млн долараў (на 70,2% больш), імпартавана — на 560 млн (на 29,5% больш).

Экспарт у Польшчу склаў 190,8 млн долараў (на 16,7% менш), імпарт — 323,6 млн (на 18,3% больш).

У Латвію экспарт склаў 73 млн даляраў (на 1,9% больш), імпарт — 20,7 млн (на 4,1% больш).

Экспарт у Італію — 20,1 млн даляраў (на 20,5% менш), імпарт — 117,9 млн (на 12,9% менш).

Экспарт у ЗША склаў 62 млн даляраў (у 2,8 разу больш), імпарт — 75,5 млн (на 5,1% больш).

Аб’ём экспарту ў Францыю вырас да 12,7 млн даляраў (у 1,7 разу), імпарту — да 59,9 млн (на 14,5%).

На думку кіраўніка Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, пры гандлі Беларусі з ЕЗ памылкай уладаў з’яўляецца пабудова экспартных паставак у Еўразвяз у асноўным за кошт энерганосьбітаў, якія складаюць каля 70% у агульным аб’ёме экспарту ў Еўропу.

„Мы былі задаволеныя тым, што прадаем туды нафтапрадукты і нафту, і нам гэта здавалася дастатковым. Калі цэны раслі, то доля ЕЗ у нашым экспарце была вышэйшай, чым нават доля Расеі”, — адзначаў эканаміст у каментары.

Цяпер, паводле яго слоў, улады актыўна кажуць аб дыверсіфікацыі экспарту. „Але застаўся „нафтавы праклён” Расеі, які цяпер апускаецца на нашу галаву. Як следства, калі ў нас дрэнныя адносіны з Расеяй на фоне устойліва нізкіх цэн на нафту, гэта адразу адлюстроўваецца на характары нашых гандлёва-эканамічных адносін з ЕЗ”, — заявіў Раманчук.

Як лічыць эксперт, улады, замест таго каб займацца ліквідацыяй перашкод для перамяшчэння беларускіх тавараў у Еўрапейскі Звяз, займаліся пратэкцыянізмам, імпартазамяшчэннем, імітацыяй мадэрнізацыі.

belapan.by