Тэлекам-аператар velcom набыў актывы інтэрнэт-правайдара „Айчына Плюс”



Тэлекам-аператар velcom набыў актывы інтэрнэт-правайдара ТДА „Айчына Плюс”, паведамілі БелаПАН у кампаніі „Велком”.

Паміж ТДА „Айчына Плюс” і ўнітарным прадпрыемствам „Велком” дасягнута дамоўленасць, згодна з якой усе правы і абавязкі па дагаворах аб аказанні паслуг электрасувязі (за выключэннем тэлефаніі) з 28 снежня 2018 года пяройдуць да „Велкома”. Такім чынам, аказанне паслуг абанентам з названай даты будзе ажыццяўляцца на ўмовах і ў аб’ёме, прадугледжаных дагаворам аб аказанні паслуг па сетцы фіксаванай сувязі і тарыфамі velcom.

„Прадастаўленне канвергентных паслуг па ўсёй краіне з’яўляецца часткай стратэгіі холдынгу A1 Telekom Austria Group, у склад якога ўваходзіць тэлекам-аператар velcom. На беларускім рынку гэта стратэгія рэалізуецца як шляхам будаўніцтва ўласнай сеткі, так і шляхам куплі дзейных гульцоў на рынку. На працягу некалькіх гадоў velcom паслядоўна набывае актывы інтэрнэт і ТБ-правайдараў, а таксама пашырае абаненцкую базу ў рамках аднаго брэнда. Акрамя таго, кампанія ўзмацняе прысутнасць на лакальным рынку ў якасці пастаўшчыка кантэнту на розных прыладах, як мабільных, так і стацыянарных”, — пракаментавалі БелаПАН здзелку ў аддзеле карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom.

Варта адзначыць, што за апошні час у лік абанентаў velcom увайшлі карыстальнікі раней набытых правайдараў — „Атлант Телэкама”, гомельскага „Гаранта”, а таксама абаненты „Хатняй сеткі” („Інфалан”), ТАА „Белінфанэт” і найбуйнейшага кабельнага аператара Віцебска. У выніку velcom стаў найбуйнейшым у Беларусі прыватным аператарам фіксаванага інтэрнэту.

ТДА „Айчына плюс” ажыццяўляе сваю дзейнасць у Менску і Менскім раёне (г.п. Бараўляны і Лясны) і з’яўляецца аператарам электрасувязі поўнага цыкла. У пералік паслуг уваходзіць прадастаўленне доступу да інтэрнэту фізічным і юрыдычным асобам; арганізацыя віртуальных каналаў сувязі VPN; тэлефонная сувязь (IP-тэлефанія); хостынг (shared hosting, VPS, co-location); праектаванне і будаўніцтва сетак сувязі.

Velcom пачаў ажыццяўляць у Беларусі камерцыйную дзейнасць па прадастаўленні паслуг і тавараў мабільнай сувязі з 16 красавіка 1999 года. З лістапада 2007 года ўваходзіць у склад холдынгу Telekom Austria Group, аднаго з вядучых тэлекамунікацыйных правайдраў у Цэнтральнай і ва Усходняй Еўропе. Колькасць абанентаў мабільнай сувязі velcom перавышае 4,8 млн. Абаненцкая база фіксаванага інтэрнэту і ТБ налічвае каля 300 тыс. карыстальнікаў.

belapan.by