Тэрміновыя валютныя ўклады насельніцтва скараціліся амаль на паўмільярда долараў



У студзені—ліпені 2018 года тэрміновыя валютныя ўклады насельніцтва зменшыліся на 490,1 млн долараў, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

У ліпені на рынку дэпазітаў працягнулася тэндэнцыя скарачэння валютных укладаў насельніцтва і павелічэння рублёвых. На 1 жніўня тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва ў банкаўскай сістэме склалі 3,82 млрд рублёў. З пачатку года яны павялічыліся на 14,3%, у тым ліку ў ліпені — на 1,7%, або на 66,1 млн рублёў.

У той жа час тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва на 1 жніўня склаліся на ўзроўні 6,2 млрд долараў і знізіліся з пачатку года на 7,3%, у тым ліку за ліпень — на 0,8%, або на 48,9 млн долараў.

Пры гэтым перавадныя валютныя ўклады насельніцтва (сродкі на банкаўскіх картках) істотна павялічыліся. За студзень—ліпень перавадныя валютныя ўклады фізічных асоб выраслі на 34,3% да 937,1 млн долараў.

„На фоне нізкіх працэнтных ставак насельніцтва не бачыць сэнсу браць на сябе абавязацельствы, звязаныя з размяшчэннем тэрміновых валютных укладаў і немагчымасцю іх хутка выключыць. Таму аддае перавагу трымаць валюту на картках, і з гэтым звязаны рост перавадных укладаў”, — адзначыла ў каментары БелаПАН фінансавы кансультант форэкс-кампаніі „ТэлетрэйдБел” Жанна Кулакова.

Паводле слоў банкіраў, найбольш забяспечаная частка ўкладчыкаў разглядаюць альтэрнатыўныя дэпазітам варыянты размяшчэння валютных зберажэнняў. У прыватнасці, згодна са звесткамі банкаў, частка ўкладчыкаў сталі інвеставаць зберажэнні ў замежныя каштоўныя паперы, выкарыстоўваючы ў якасці пасрэднікаў (даверных кіраўнікоў) камерцыйныя банкі Беларусі.

„Рост попыту на гэтую паслугу тлумачыцца тым, што працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах часам нават не перакрываюць інфляцыю па долары ЗША, таму кліенты з дастатковай фінансавай інфармаванасцю шукаюць альтэрнатыву дэпазітам для выгаднага размяшчэння сваіх сродкаў”, — сказаў БелаПАН эксперт у банкаўскіх колах.

Паводле звестак Нацбанка, за першае паўгоддзе рынак давернага кіравання вырас у некалькі разоў.

„За паўгода аб’ём грашовых сродкаў, перададзеных камерцыйным банкам у давернае кіраванне, вырас у 3,5 разу. На 1 студзеня ў банках знаходзілася 93,2 млн рублёў, а да 1 ліпеня аб’ём сродкаў, перададзеных банкам у давернае кіраванне, вырас да 330,5 млн рублёў”, — паведаміў у ліпені начальнік упраўлення развіцця інвестыцыйных аперацый Нацбанка Аляксандр Ракаў, адказваючы на пытанне БелаПАН падчас сустрэчы з журналістамі.

belapan.by

[manual_related_posts]