Традыцыйны восеньскі кірмаш у Бярозе



У Бярозе прайшоў традыцыйны восеньскі кірмаш. На ім, як звычайна, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, фермеры і вясковыя гаспадаркі прадавалі сёлетнюю мясную прадукцыю, агародніну і садавіну.

Людзі з задавальненнем набывалі патрэбную прадукцыю па невысокай цане. Праўда, вытворцы не вельмі задаволены, лічаць, што цэны на іх прадукцыю вельмі нізкія, кажа ўладальніца дапаможнай гаспадаркі з Іванава Людміла:

– Увогуле за капейкі. 35 капеек капуста, задарма. Проста немагчыма нікуды здаць. Ратуюць толькі кірмашы. Моркву я прадавала па 40 капеек, цыбулю і буракі  – па 50 капеек. Карацей, вельмі танна, таму што ўсяго шмат, але няма збыту. Мне дапамагаюць дзеці. У мяне іх трое. Адзін вучыцца, трэба плаціць, то рэпетытарства, то школа, то садок. Бо калі наймаць, плаціць грошы, – нявыгадна. За такія капейкі што ты возьмеш?

Кірмаш прайшоў на частцы галоўнай вуліцы горада, па якой вялікай групай важна прагульвалася раённае кіраўніцтва, але кантакту з людзьмі не назіралася, кожная з гэтых груп  існавала сама па сабе.

Беларускае Радыё Рацыя