Трэція паўторныя таргі па продажы „Брэсцкага піва” не адбыліся



У мінулую пятніцу трэція паўторныя таргі ў форме аўкцыёну па продажы „Брэсцкага піва” не адбыліся, паведамляе 17 ліпеня кампанія.

Як удакладняюць на прадпрыемстве, аўкцыён зноў не адбыўся з-за адсутнасці заяў на ўдзел у ім. Паводле інфармацыі БелаПАН, некаторыя патэнцыйныя інвестары сёлета выказвалі цікавасць да „Брэсцкага піва”, аднак не былі згодныя з цаной, па якой прадаецца піўная кампанія.

Як раней паведамлялася, у 2014-м „Брэсцкае піва” было прызнанае эканамічна неплацежаздольным, і ў дачыненні да прадпрыемства ў 2014—2017 гадах праводзілася працэдура санацыі. Для аднаўлення плацежаздольнасцi „Брэсцкага піва” прадугледжаны продаж прадпрыемства як маёмаснага комплексу.

У другім квартале гэтага года „Брэсцкае піва” выстаўлялася на продаж па пачатковай цане 17,42 млн рублёў, аднак аўкцыёны не адбыліся з-за адсутнасці заявак з боку патэнцыйных інвестараў. Пасля гэтага цана брэсцкага прадпрыемства была зніжаная на 35,45%, і на трэція паўторныя таргі „Брэсцкае піва” прапанавалася да продажу за 11,24 млн рублёў.

Між тым „Прыёрбанк”, які з’яўляецца адным з крэдытораў „Брэсцкага піва”, у маі гэтага года прапанаваў, як вынікае з матэрыялаў Эканамічнага суда Берасцейскай вобласці, пачаць працэдуру ліквідацыі „Брэсцкага піва”.

На думку „Прыёрбанка”, санацыя, якая ажыццяўлялася ў 2014—2017 гадах пасля прызнання „Брэсцкага піва” банкрутам, не дасягнула сваіх мэтаў, а продаж брэсцкага прадпрыемства як маёмаснага комплексу, які дазволіў бы кампаніі разлічыцца з крэдыторамі, малаверагодны.

„Продаж прадпрыемства-даўжніка як маёмаснага комплексу малаверагодны, бо патэнцыйнаму інвестару ў развіццё прадпрыемства неабходна будзе ўкласці значныя грашовыя сродкі, прытым што ў цяперашні час патрэбы ў піве цалкам задавальняюцца за кошт іншых вытворцаў, а доля ААТ „Брэсцкае піва” на рынку нязначная”, — лічыць „Прыёрбанк”, пазіцыя якога прыводзіцца ў матэрыялах Эканамічнага суда Берасцейскай вобласці.

На думку крэдытора, зацягванне пачатку працэсу ліквідацыі пагоршыць фінансавы стан прадпрыемства, што істотна „знізіць шанцы на вяртанне банку ўкладзеных у прадпрыемства грашовых сродкаў”.

Эканамічны суд Берасцейскай вобласці адмовіўся задаволіць прапанову „Прыёрбанка” аб пачатку лiквiдацыйнай вытворчасці ў дачыненні да „Брэсцкага піва”. Як вынікае з прынятага рашэння, суд прыйшоў да высновы, што магчымасці для продажу брэсцкага прадпрыемства, які дазволіць даўжніку разлічыцца з крэдыторамі, захоўваюцца.

belapan.by