Тры чвэрці даходаў бюджэту Менска – ад недзяржаўнага сектара эканомікі



За сем месяцаў 2019 года Менск сабраў 8 млрд 64,8 млн рублёў падатковых плацяжоў. Выкананне плана даходаў кансалідаванага бюджэту забяспечанае на 107,8%, паведамляе прэс-цэнтр сталічнай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах.

У структуры даходаў кансалідаванага бюджэту 62% (5 млрд 4 млн рублёў) складаюць даходы рэспубліканскага бюджэту і 38% (3 млрд 64,4 млн рублёў) — мясцовага.

Паводле звестак МПЗ, у структуры паступленняў па катэгорыях плацельшчыкаў лідзіруе недзяржаўны сектар эканомікі з удзельнай вагой 73,4%, у тым ліку ўклад арганізацый недзяржаўнага сектара складае 68,4%. На арганізацыі дзяржаўнага сектара прыпадае 26,6% усіх паступленняў, на фізічных асоб — 3,1%, на індывідуальных прадпрымальнікаў — 1,9%.

Усяго ў Менску налічваецца 132,4 тыс. суб’ектаў недзяржаўнага сектара эканомікі і амаль 2,6 тыс. суб’ектаў дзяржаўнага сектара. Дадзенымі плацельшчыкамі ўнесена ў бюджэт плацяжоў на 5 млрд 670,2 млн рублёў і 2 млрд 146,2 млн рублёў адпаведна.

Па выніках сямі месяцаў бягучага года ў дзясятку буйных плацельшчыкаў сталіцы ўвайшлі: ААТ „Газпрам трансгаз Беларусь”, ЗАТ „Беларуская нафтавая кампанія”, РУП „Мінскэнерга”, ТАА „Тытунь-інвест”, СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы”, ЗАТ „Мінскі завод вінаградных він”, унітарнае прадпрыемства „А1”, ЗТАА „ЛУКОЙЛ Беларусь”, ААТ „Мінск Крышталь” — кіруючая кампанія холдынга „Мінск Крышталь Груп”, ТАА „Еўрагандаль”.

Гэтымі арганізацыямі выплачана ў бюджэт 2,3 млрд рублёў, або амаль трэць даходаў кансалідаванага бюджэту сталіцы.

Значная частка даходаў кансалідаванага бюджэту Менска (44,2% у агульным аб’ёме паступленняў) сфармаваная плацяжамі па падатку на дададзены кошт. Важкія аб’ёмы плацяжоў па падаходным падатку (15,4%), падатку на прыбытак (13,4%), акцызах (4,6%), падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання (2,4%), падатку на даходы (2,3%), падатку на нерухомасць (1,7%), зямельным падатку (1,3%).

belapan.by