Цэнтр кітайска-беларускай супрацы пабудуюць у парку „Вялікі камень”



Цырымонія пачатку будаўніцтва Цэнтра кітайска-беларускай супрацы ў галіне трансфармацыі навукова-тэхнічных дасягненняў прайшла 18 снежня ў выставачным цэнтры China Merchants у індустрыяльным парку „Вялікі камень” пад Менскам.

На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі пасольства КНР, Міністэрства эканомікі Беларусі, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, Смалявіцкага райвыканкама, Акадэміі навук Беларусі, адміністрацыі „Вялікага каменя” і СЗАТ „Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку”, а таксама будаўнічай кампаніі ААТ „МСС15”, якой трэба будзе ажыццявіць праект.

„Наша кампанія ўжо рэалізавала ў Беларусі некалькі буйных праектаў, у тым ліку мы пабудавалі сацыяльнае жыллё ў Гомельскай вобласці і многія аб’екты ў „Вялікім камені”. Будаўніцтва гэтага сучаснага цэнтра будзе цалкам фінансавацца Кітаем, а ўбачыць яго на гэтым месцы вы зможаце праз год” , — сказаў намеснік дырэктара кітайскай будаўнічай кампаніі Гуан Чэньюо ў эфіры навін тэлеканала „Беларусь 1”.

Як паведамляе прэс-служба індустрыяльнага парка, будаўнічыя работы плануецца завяршыць праз год. Гэта будзе пяціпавярховы будынак агульнай плошчай каля 19 тыс. кв. м, у якім размесцяцца дэманстрацыйны і шматфункцыянальны залы, гандлёвыя пляцоўкі, бізнес-інкубатар, цэнтр прамежкавых выпрабаванняў і дробнасерыйнай вытворчасці, цэнтр па тэставанні, лабараторыі і іншыя службы.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пачалі ствараць у 2012 годзе на падставе міжурадавага пагаднення паміж КНР і Беларуссю. Ён уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу, будуецца за 25 км ад Менска. Прыярытэтныя напрамкі развіцця: электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне, новыя матэрыялы. На сёння ў парку зарэгістравана каля 40 рэзідэнтаў.

belapan.by