Цэны на першасным рынку сталічнай нерухомасці за год знізіліся на 6%



Цэны на першасным рынку сталічнай нерухомасці за год знізіліся на 6%, або на 80 даляраў за квадратны метр. Такую тэндэнцыю ў каментары БелаПАН адзначыла кіраўнік кампаніі „Твая сталіца·Новабудцэнтр” Наталля Жалава.

„У цэлым попыт аб’ёмны і стабільны, што шмат у чым абумоўліваецца працягам крэдытавання большасці новабудоўляў і адносна стабільным абменным курсам валют. Праўда, доля пакупнікоў з крэдытамі за паўгоддзе знізілася з 50 да 30%, што можна растлумачыць сукупнасцю прычын: ад зніжэння даходаў пакупнікоў да ўскладнення ўмоў выдачы крэдытаў. Пры гэтым сярэдняя сума крэдыту складае прыблізна 65 тыс. рублёў”, — паведаміла Жалава. Акрамя таго, у 118 новабудоўлях пакупнікам даступная растэрміноўка аплаты. Як правіла, пры яе даванні кошт квадратнага метра павялічваецца, растэрміноўка вар’юецца ад паўгода да васьмі гадоў.

Паводле інфармацыі эксперта, у ліпені ў Менску пабіты рэкорд па колькасці новабудоўляў за апошнія сем гадоў — 144 без уліку жылля для чаргавікоў. Аднак купіць кватэру можна толькі ў 133 з іх, у астатніх 11 дамах продаж прыпынены.

„Зараз у Менску шмат новабудоўляў, але не ва ўсіх дамах шырокі выбар кватэр. Прычына: большасць новабудоўляў раскупляецца на старце будаўніцтва па зніжанай цане метра. Доля такіх здзелак большая за 60%”, — растлумачыла Жалава.

Згодна з інфармацыяй „Тваёй сталіцы”, сярэднія цэны ў новабудоўлях Менска паводле вынікаў першай паловы 2021 года склалі: аднапакаёвая кватэра варыянта „эканом” — 1.060 даляраў за 1 кв. м (-15% за паўгода), двухпакаёвая „эканом” — таксама 1.060 (-12%), трохпакаёвая „эканом” — 1.070 (-7%); „стандарт” — адпаведна 1.260 (-4%), 1.220 (-6%) і 1.125 (-7%); „камфорт” — 1.525 (+7%), 1.510 (+8%) і 1.345 (+3%); „прэстыж” — 1.605 (-8%), 1.635 (0%) і 1.690 (-6%) даляраў за 1 кв. м.

Як адзначыла кіраўнік кампаніі, самыя танныя аднапакаёвыя кватэры прадаюцца ў класе „эканом”, а двух- і трохпакаёвыя — у „стандарце”. У гэтым сегменце можна купіць двухпакаёвую кватэру ад 910 долараў за квадратны метр, трохпакаёвую — ад 830. „У сярэднім цэны за апошні год знізіліся на 6%, або на 80 долараў за квадратны метр, а іх наяўны ўзровень супастаўны з пачаткам 2018 года, — адзначыла Жалава. — Аднак калі паглядзець у разрэзе класаў якасці, то адмоўная дынаміка (ад 4 да 15%) адзначаная па ўсіх класах, акрамя „камфорту”, які, наадварот, паказвае рост ад 3%”.

Паводле яе слоў, рост цэн у класе „камфорт” абумоўлены тым, што на працягу першага паўгоддзя на рынку быў прапанаваны толькі адзін новы дом.

belapan.by