Цэны на сталічныя новабудоўлі з пачатку года амаль не змяніліся



Істотнага змянення цэн на першасным рынку нерухомасці Мtнска з пачатку года не адбылося, змены датычацца толькі пэўных стадый гатоўнасці дамоў, паведаміла ў каментары БелаПАН кіраўнік кампаніі „Твая сталіца — Новабудцэнтр” Наталля Радзеня.

Паводле даных кампаніі, у Менску ў жніўні кошт продажу новабудоўляў склаў: для эканамкласа — 1.000 долараў за 1 квадратны метр для аднапакаёвых кватэр, 995 — двухпакаёвых, 930 — трохпакаёвых; класа „Стандарт” — 1.170, 1.135, 1.090 адпаведна; „Камфорт” — 1.425, 1.370, 1.305; „Прэстыж” — 1.510, 1.650, 1.610.

Пры гэтым яна заўважыла, што цікавасць да новабудоўляў застаецца „не толькі на стабільна высокім узроўні, ігнаруючы ўсе правілы сезоннасці, але і штогод павялічваецца”. У цяперашні час, згодна з праведзеным групай кампаній „Твая сталіца” апытаннем патэнцыйных пакупнікоў кватэр, больш за 80% з іх разглядае для набыцця новабудоўлі.

„Аднак, нягледзячы на адсутнасць эканамічных узрушэнняў і працяг зніжэння ставак па крэдытах, пакупніцкая здольнасць насельніцтва працягвае заставацца нізкай”, — адзначыла эксперт.

Паводле яе слоў, „нельга сказаць, што грошай у людзей за апошні год стала больш, а іх выбар кватэр стаў больш раскаваным ў фінансавым плане”. „Больш правільна будзе сказаць, што ў пакупнікоў стала больш фінансавых інструментаў: гэта і больш танныя крэдыты, і растэрміноўка аплаты на некалькі гадоў, і развіццё механізму набыцця нерухомасці ў лізінг. Аднак, нават нягледзячы на іх, арыентаванасць на мінімальны бюджэт куплі да гэтага часу застаўся. Менавіта таму асноўная маса пакупнікоў разглядае новабудоўлі класаў „Эканам” і „Стандарт”, — падкрэсліла кіраўнік кампаніі.

Радзеня паведаміла, што тыповы запыт пакупніка новабудоўлі гэтым летам выглядае наступным чынам: бюджэт куплі на ўзроўні 65 тыс. долараў, з якіх на руках, як правіла, маецца толькі 20-30 тыс., „астатняя сума альбо ўжо на падыходзе (таму важная растэрміноўка аплаты), альбо плануецца браць крэдыт”. Паводле яе слоў, маючы на руках ўсяго толькі каля 10 тыс. долараў, дзякуючы крэдытам, растэрміноўцы і лізінгу, можна разлічваць на набыццё кватэры ў новабудоўлі.

Цяпер у 70% новабудоўляў забудоўшчыкі прапануюць растэрміноўку аплаты, з якіх 40% прапаноў з растэрміноўкай больш за два гады. Стаўкі па крэдытах за апошні год зменшыліся напалову. Пры куплі аднапакаёвай кватэры коштам 45 тыс. долараў неабходна мець на руках 4,5 тыс. У гэтым выпадку штомесячныя плацяжы складуць 400 долараў на працягу першага года і крыху больш за 600 — на працягу другога. У наступныя перыяды яны будуць памяншацца, патлумачыла эксперт. У выпадку з двухпакаёвай кватэрай коштам 58 тыс. долараў першапачатковы плацеж ужо складзе каля 6 тыс., штомесячныя плацяжы будуць на ўзроўні 500 і 800 долараў адпаведна.

Радзеня таксама адзначае, што выпадкаў набыцця кватэр у лізінг пакуль няшмат, але з кожным месяцам цікавасць да гэтага фінансавага інструмента расце. Акрамя таго, і працэнтная стаўка па ім пачынаецца з 9% гадавых, што не нашмат больш за крэдыт.

„Але з агульнага правіла арыентацыі пакупнікоў на бюджэтныя пакупкі ёсць і выключэнні. Напрыклад, сустракаюцца заяўкі на набыццё двух шматпакаёвых кватэр побач адна з адной для наступнага іх аб’яднання. Або напярэдадні навучальнага года для студэнтаў пытаюцца не аднапакаёвую кватэру, а адразу двухпакаёвую і з чыставой аддзелкай”, — адзначыла прадстаўнік кампаніі.

belapan.by