Ці абваліць Грэцыя еўрапейскую валюту?



“Вартасць еўра ў адносінах да даляра крыху завышаная”, -лічыць экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Чарговы раўнд перамоваў Грэцыі і крэдытораў закончыўся правалам, грэчаская дэлегацыя 14 чэрвеня пакінула перамовы.

З-за гэтага ўжо сёння на сусветных таргах курс еўра знізіўся да амерыканскай валюты да 1,12 даляра за еўра. Тым часам, на Беларускай валютна-фондавай біржы 15 чэрвеня еўра ўмацаваўся да беларускага рубля на Br112 да 17.336 рублёў.

Адзначым, што ў гэты чацвер адбудзецца пасяджэнне Еўрагрупы, прысвечанае грэчаскаму пытанню, дзе Грэцыю будзе прадстаўляць міністр фінансаў краіны. Бакі заявілі пра намер да 18 чэрвеня знайсці рашэнне. Крэдыторы патрабуюць дадатковыя меры эканоміі на 3,6 мільярды еўра.

Што далей чакае еўрапейскую валюту, калі чарговыя перамовы не прынясуць станоўчы вынік для Грэцыі?

Станіслаў Багданкевіч: Калі ў свеце будзе зніжацца кошт еўра да даляра, то павінен знізіцца ён і да беларускага рубля. У нас усё-такі асноўны арыенцір – амерыканская валюта. Але, на мой погляд, ніякага асаблівага абвалу еўра не будзе, а будуць звычайныя ваганні курсаў. Доля Грэцыі ў эканоміцы Еўразвяза нязначная. У Еўропе жыве больш за 500 мільёнаў грамадзян, а ў Грэцыі ўсяго 11 мільёнаў.

РР: На беларускіх таргах еўра сёння наадварот умацаваўся ў адносінах да рубля…

Станіслаў Багданкевіч: Да нас, відаць, усё гэта позна даходзіць. На беларускай біржы курс вызначаецца попытам і прапановай. Значыцца попыт на еўра знізіўся – так трэба разумець сітуацыю.

РР: Ваш прагноз: што далей будзе з еўра? Ці здолее еўрапейская валюта адваяваць ранейшыя пазіцыі?

Станіслаў Багданкевіч: Я лічыў і лічу, што вартасць еўра ў адносінах да даляра крыху завышаная. На самай справе яны прыкладна аднолькавыя па кошце. Даляр базіруецца на больш моцнай эканоміцы, у ЗША большы аб’ём УВП на душу насельніцтва, чым у Еўропе. Таму, мяркую, тэндэнцыя зніжэння еўра да даляра да прапорцыі “адзін да аднаго” працягнецца. Іншая рэч, які на гэта час спатрэбіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота analitika-forex.ru

[manual_related_posts]