Ці наблізілася краіна да сярэдняга заробка ў 500 даляраў?



Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў разважае наконт таго, дзе дзяржава можа знайсці сродкі на падвышэнне заробкаў беларусам.

Пра сярэдні заробак у 500 даляраў вышэйшае кіраўніцтва Беларусі заяўляла ў мінулым годзе, паўтарае пра гэта з рэгулярнай перыядычнасцю і пачынаючы з пачатку 2017 году. Учора Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што “заробак у 1000 рублёў — гэта той мінімум, які дзяржава павінна дапамагчы людзям зарабіць”. Адкуль возьмуць грошы на падвышэнне заробкаў?

Аляксандр Бухвостаў: Ужо колькі часу кажуць пра гэтыя злашчасныя 500 даляраў, а воз на месцы. Не бачу я ніякіх зрухаў у гэтым накірунку і не ведаю, за кошт чаго збіраюцца падвышаць заробкі. Безумоўна, на такіх багатых прадпрыемствах, як “Беларуськалій”,  працоўныя атрымліваюць можа і 1000 даляраў, але ж гэта – выключэнне, а не правіла. На тым жа МТЗ, калі верыць кіраўніку прадпрыемства, людзі ў сярэднім маюць 950 рублёў у месяц, на МАЗе – 700 рублёў, на падшыпнікавым заводзе – каля 500. Трэба ж рэальна ацэньваць магчымасці. Хіба што намалююць гэтыя 500 даляраў.  

РР: У рэгіёнах, напэўна, пра заробак у 1000 рублёў дакладна застаецца толькі марыць…

Аляксандр Бухвостаў: Безумоўна, там жа людзям у такім выпадку давядзецца ў 2-3 разы заробкі падымаць. Таму фантастычныя планы беларускіх кіраўнікоў няхай застаюцца пры іх. А рэальных рычагоў для падвышэння заробкаў няма. Хіба што ізноў пачнуць друкаваць грошы, хаця гэта не вырашыць праблему. Пачнуць цэны ізноў расці, а значыцца карысці з такога падвышэння будзе нуль. Можна яшчэ падвысіць вытворчасць працы, але ж мы бачым, што адбываецца ў нашай эканоміцы. Датацыі стратных прадпрыемстваў працягваюцца, на рэформы ніхто не збіраецца ісці. Застаецца толькі папулізм.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя