Ці пачнецца ў Беларусі прыватызацыя?



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір распавядае, чаму інвестары не хочуць укладваць грошы ў беларускія прадпрыемствы.

Многія прадпрыемствы ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца стратнымі, але прыватызацыйныя працэсы пакуль ідуць зусім не так, як хацелася б. Жадаючых набыць “заводы эпохі сацыялізму” практычна не знаходзіцца, хаця, як лічыць былы прэм’ер-міністр Беларусі, прыватызацыя краіне проста неабходна.

Міхаіл Чыгір: На мой погляд, улады і самі не надта вітаюць прыватызацыю, хаця, можа быць, жыццё і прымусіць пайсці на гэты крок. Ведаю, што ва ўрадзе ёсць чыноўнікі, якія таксама добра разумеюць гэта, але ж канчатковае слова не за імі. Таму ўсё будзе залежыць ад далейшай сітуацыі ў эканоміцы.

РР: Ці цікавыя беларускія прадпрыемствы для інвестараў?

Міхаіл Чыгір: Не вельмі. Беларусь і Расея становяцца не прывабным для інвестараў з-за палітычнай сітуацыі ў краінах. Усе ж ведаюць, які лёс напаткаў некаторых папярэднікаў, хаця многія з задавальненнем працавалі б у Беларусі, бо тут ёсць і кваліфікаваныя кадры, і дысцыпліна. Але нікому не хочацца рызыкаваць. Можа нехта і прымае рашэнне ўкладаць грошы ў беларускую эканоміку, але пры гэтым многія стараюцца заручыцца падтрымкай беларускіх уладаў. Але і гэта не гарантыя на сто адсоткаў, што інвестар не акажацца ў “пралёце”. Могуць дачапіцца, што не тое купілі, не тое зрабілі… У нас жа цэлая армія кантралёраў, якія ў любы момант могуць зрабіць бізнесмена вінаватым.

РР: Сёння краіне патрэбна прыватызацыя?

Міхаіл Чыгір: Безумоўна, і марудзіць тут нельга. А ўлада па-ранейшаму фінансуе стратныя прадпрыемствы і лічыць, што гэта выхад са становішча. Гэта не выхад, а тупік.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя