Ці патрэбна ў Беларусі прыватная ўласнасць на зямлю?



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму зямлі неабходны гаспадар.

зямля

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы днямі заявіў, што ўвядзенне прыватнай уласнасці на зямлю не здолее палепшыць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы.

“Створаны ўмовы для таго, каб нармальна весці бізнес, – сказаў чыноўнік. – І я не бачу неабходнасці ў прыватнай уласнасці на зямлю. Паглядзіце на прыватную жыллёвую гаспадарку – там многія двары ўжо зараслі. Прыватнік не прыводзіць іх у парадак. Атрымай зямлю ў арэнду на 99 гадоў і прыводзь у парадак. Самае галоўнае, каб з мазгамі быў чалавек. Калі прыходзіць новы гаспадар з добрымі адносінамі да справы, то за два-тры гады з’яўляецца вынік”.

Барыс Жаліба: У многіх замежных краінах фермерства базіруецца на прыватнай уласнасці на зямлю і стварае добрыя ўмовы для развіцця. Яно падтрымліваецца таннымі крэдытамі, датацыямі, таму што дзейнічае прыватны інтарэс. У свой час двойчы Герой Сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў казаў, што няма такой сілы, якая прымусіла б эфектыўна працаваць людзей у калгасе. І гэта словы прарока! Але чыноўнікам, натуральна, больш да спадобы савецка-калгасны стыль працы, калі ўсё вакол агульнае, усё не маё. Улады зрабілі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы чарговымі дзяржаўнымі стратнымі праектамі. Практыка паказвае, што ў Беларусі ў людзей няма стымула працаваць на зямлі, калі гэта дзяржаўная зямля. І, калі краіна з’яўляецца буйным экспарцёрам па мясу, малаку і гэдак далей, то ўсё гэта даецца вельмі дарагой цаной. Бо ў гэтыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ўкладваюцця вялізныя дзяржаўныя грошы, і выкарыстоўваюцца яны вельмі неэфектыўна. Таму рана ці позна, але да прыватнай уласнасці на зямлю ўсё роўна краіна прыйдзе.

РР: А ці патрэбен дзяржаве такі канкурэнт, як прыватнік?

Барыс Жаліба: Тут маецца палітычны момант, бо прыватнікамі кіраваць і падпарадкоўваць куды складаней. Прыватнік сам вырашае, што яму рабіць зараз і ў будучым, сам распараджаецца фінансамі. А гэта не суадносіцца з мадэллю беларускай эканомікі. Для ўлады важна, каб кіраванне ішло з цэнтра.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя