Ці пойдуць улады на рэзкае падвышэнне тарыфаў ЖКГ?



Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, як прыпыненне перамоваў з Міжнародным валютным фондам можа адбіцца на тарыфах на “камуналку” ў Беларусі.

Ужо ў бліжэйшы час улады планавалі выйсці на 100 адсоткаў аплаты “камуналкі”, і гэта была адна з умоў Міжнароднага валютнага фонду. Тым часам, не так даўно стала вядома, што МВФ прыпыніў перамовы з Беларуссю па новай крэдытнай праграме праз адсутнасць рэформ. Ці будуць пасля гэтага ўлады падвышаць тарыфы на паслугі ЖКГ?

Уладзімір Кавалкін: Складана сказаць, ці адбудзецца падвышэнне тарыфаў па раней распрацаванаму плану, паколькі ў бліжэйшыя паўгода ў крэдыце ўлады не маюць вялікай патрэбы. Таму з аднаго боку можна і не выконваць умовы па сур’ёзнаму падвышэнню “камуналкі” ў гэтым годзе, а з іншага – праграма ўзаемадзеяння з МВФ прынята і павінна выконвацца. Зараз альбо трэба адмяняць яе, альбо мадыфікаваць, каб не выконваць умовы, альбо адпавядаць праграме і даводзіць кошт тарыфаў на паслугі ЖКГ да ўзроўню поўнай самаакупляемасці – на 100 адсоткаў. Я не ўпэўнены, што ўнутры ўрада гэтае рашэнне прынята.

РР: Калі ўсё будзе ісці па раней прынятаму плану, то што чакае беларусаў у бліжэйшы час?

Уладзімір Кавалкін: У такім выпадку да канца гэтага году адбудзецца падвышэнне коштаў на паслугі ЖКГ прыкладна на 30 адсоткаў. Асабліва гэта скажацца ў зімовы атапляльны перыяд, бо асноўную частку “камуналкі” цягне менавіта падагрэў вады і атапленне. Падвышэнне гэтых тарыфаў на 20-30 адсоткаў сур’ёзна адаб’ецца на выніковым рахунку. Хаця пры ўсім гэтым беларуская “камуналка” па-ранейшаму застанецца адной з самых танных у параўнанні з суседнімі краінамі.

РР: Не так даўно беларускі кіраўнік заяўляў, што “павінна быць сур’ёзная аптымізацыя, праца з сабекоштам, каб выйсці на нізкія тарыфы, каб насельніцтва не крыўдзілася”.

Уладзімір Кавалкін: Заўсёды можна нешта аптымізаваць, але пытанне, ці варта эканоміць, калі ўсё і так ужо аптымізавана. Акрамя таго, калі пачнуць скарачаць колькасць паслуг для насельніцтва, то гэта можа прывесці да дрэннай якасці абслугоўвання. Напрыклад, у ЖЭСах будзе менш слесараў альбо электрыкаў, работнікаў, якія добраўпарадкоўваюць тэрыторыю. Скароцяць выдаткі – пагорошыцца якасць паслуг. Таму пытанне палягае яшчэ ў тым, якой якасці паслугі мы хочам мець.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя